Галоÿная

У вянок Максіму Багдановічу
АНДРЭЙ АЛЕКСАНДРОВІЧ
(3 верша «На магіле Максіма Багдановіча»)


Сонца ў моры купаецца бурным,
Скрозь вясёлы на палубе гул.
А я штосьці сёння пахмурны,
Болю ў сэрцы суняць не магу.
Не магу адагнаць я тугу.
Незнаёмаю, стромкай і вузкай
Паласа паказалася гор.
На зямлі той пясняр беларускі
У семнаццатым годзе памёр.
У грудзях, як на моры, віхор...
(Выбранае, Мн., 1970, стар. 23.)


МІКОЛА АЎРАМЧЫК
НА МАГІЛЕ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА


Ты ратунку сабе
Не знайшоў і ў гарах
Ля зямнога прыморскага раю...
А змарнеў у журбе
Па сасновых барах,
Па гаротнаму роднаму краю.
I, знямогшы ў жыцці,
Тут навекі заснуў
Сярод зелені цёплага мая,
Калі кветкам — цвісці
Ды ўпрыгожваць вясну,
Калі ўсё пасля сну ажывае.
Сны прыемныя сні
Аб радзіме, пясняр,
Спі спакойна на гэтым пагосце,
Дзе, куды ні зірні,—
Кіпарысы да хмар —
Абеліскі зямной прыгажосці.
Узняло касачы
Над табою жыццё,
Над тваім незгасаючым сэрцам,
Узняло, як мячы,
Каб працяць небыццё
І ахоўваць паэта бяссмерце.
(36. «Дрэва дружбы». Мн., 1973)


УЛАДЗІМІР ДУБОЎКА
НАВАТ МОРА ЗМЯНІЛА СВОЙ КОЛЕР


Нават мора змяніла свой колер:
стала не сінім, шэрым.
Пырскі салёныя носіць наўколле,
з іх жалоба снуе свой вэлюм.
Плача сэрца, сціскаюцца грудзі,
дзесь празрыста цыкады свіргочуць.
Над табою — сцюдзёнае груддзе,
хараства больш не бачаць вочы...
Там, у доле, крыжы, мінарэты,
несціханы горада рокат.
Па табе, дарагі наш паэта,
жаль над імі праходзіць далёка...
Навакола карункі з камення,
ў іх зацёрты ўсе любыя рысы.
Свечы зялёныя высока праменяць,
людзі кажуць, што гэта кіпарысы...
Вецер сумна імчыцца кудысьці,
на пяску свае скаргі друкуе.
Ты не знойдзеш, жалоба, выйсця,
нават песню пачуўшы другую.
Ці на полі цябе пакіну,
ці пасею цябе на скалах,—
узысці ты ізноў павінна,
бо самота цябе гадавала...

НІЛ ГІЛЕВІЧ
АПОШНЯЕ СПАТКАННЕ 3 ВЕРАНІКАЙ


Нават сціплая надзея памерці ў
роднай зямлі і тая была адабрана.
3 успамінаў бацькі паэта —
Адама Ягоравіча Багдановіча
Далёка ад роднага краю,
Чый вобраз па кроплі збіраў,
У трызненні белага маю
Самотны паэт паміраў.
Ен ведаў, што болей не ўстане,
Апошнія злічаны дні.
Чаму ж аніхто не загляне
3 вялікай і мілай радні?
Няшчасная доля — памерці
У смутку-тузе аднаму.
Дзвярыма на першым паверсе
Хтось грукнуў, здалося яму.
Во — крочыць па ўсходках рыпучых,
Во — клямкаю бразгае ўжо.
І стала ад шчасця балюча:
Няўжо гэта праўда? Няўжо?
0 божа! Сама Вераніка!
Яго Вераніка стаіць!
Галоўкаю русай панікла,
Журботна, тужліва глядзіць.
Букет васількоў і рамонкаў
Сціскае ля сэрца рукой...
Праклятая богам старонка
Зайшла да паэта ў пакой!
— Ну, што ж ты стаіш, Вераніка?
Не бойся! Бліжэй падыдзі!
Я столькі гадоў цябе клікаў —
І ўсё заставаўся адзін.
Я зведаў хвіліну адчаю
У гэтай чужой старане.
Цяпер адзінота, я знаю,
Навечна пакіне мяне...
За вокнамі пеніўся буйна
Захмелены ялцінскі май.
За вокнамі ўсплёснула бухта:
— Не плач, Вераніка! БывайІ
Яшчэ ты паспееш самотна
Наплакацца ў горкай журбе.
Яшчэ ты адчуеш, як моцна
Яго не хапацьме табе.

Максім Танк
НАД МАГІЛАЙ БАГДАНОВІЧА


Прагучыць сірэна ў порце часам.
Кіпарысаў дрэмле ціхі сад.
Дрэмле Ялта, на крутых тэрасах
Льецца вішань белы вадапад.
Тут вясна асыпала ўсё цветам
І цяжэй знайсці ўчарашні след.
Хоць над раннім курганом паэта
Напісалі імя і санет.
Мне шкада, што спозніліся годы,
А твае так рана адцвілі —
Сёння разам выйшлі б мы да ўсходу
Прывітаць радзімы караблі.
Рокат мора, збуджанага ветрам,
Воблакаў ключ сіні і зару,
Што з вяршынь аснежаных Ай-Петры
Кожны дзень плыве на Беларусь.
Курганоў прадвечнага спакою
Кіпарысы вартай сцерагуць.
Але, пэўна, калі гром прыбою
Змоўкне і растае ў пене гул, —
Чуеш ты, як звоняць сосны ціха,
Як, палі вітаючы свае,
Недзе ўнучка слуцкае ткачыхі
Пра вясну шчаслівую пяе.


Анатоль Астрэйка
МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ


Далёка ад краіны сваёй мілай
Табе апошні даў прытулак Крым.
3 граніту абеліск, не крыж пахілы,
А зорка пяцікутная над ім.
Ля помніка, нібыта вартавыя,
Паўсталі кіпарысы ў каравул.
Яны без ветру быццам нежывыя,
Яны і ў вецер не ўзнімаюць гул.
А ты любіў напеў бароў дрымучых,
Палёў раўніннасць, шызыя лугі,
А кіпарысы гэтыя на кручах
Стаяць як сімвал смутку і тугі.
Бязлюдна тут і ціха днём і ўночы,
Я цішыні даніну аддаю.
Ля помніка спыняюся, не крочу
Іў задуменні сцішана стаю.
Стаю... І чую я: з-за перакату
Шагнула песня ўдаль «Ад родных ніў...»,
Яе спявалі хлопцы і дзяўчаты
На слаўны і знаёмы мне матыў.


Мікола Кавалеўскі
МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ


Даруй, Паэт! ,
Прабач, шаноўны,
што у вірлівай мітусні
ірвалі з жарам бессаромным
сваёй Айчыны карані.
Такіх Сыноў не лішне мела
многапакутная зямля —
то зарастала, то мялела
табой ўзараная ралля.
Раманс пра Зорку часам пелі,
любілі родны Васілёк,
аднак бяспамяцтва завеі
знішчалі ў сэрцах твой Вянок.
Гублялі мову беларусы,
не адчуваючы бяды —
такіх духоўных землятрусаў
не уяўляў, напэўна, ты.
Даруй, Змагар!
Прабач, Максіме!
Не кінь нашчадкам крыўдных слоў —
павер, што ім яшчэ па сіле
свядомасць адрадзіць ізноў.
Няхай цябе не раніць скруха,
ад болю вочы не блішчаць:
Вясна ідзе, Паэт, паслухай —
яе не сцішыць, не стрымаць.

Міхась Скобла
МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ
(урывак)


...Вінаграду сонечная гронка
Падваконнік зманліва кране...
А яму ўсё родная старонка
Мроіцца ў расчыненым акне.
А над бухтай, сіняй і санлівай,
Над адвечнай бездарожжу хваль
Лебядзінай песняю шчымлівай
Поўніцца асмужаная даль.
Страцім-лебедзь кружыцца і кліча
У край, што ў росах свеціцца здаля,
Дзе сляды пагоні ваяўнічай
Захавала мужная зямля.
Дык чаму ж ён вылецеў, Айчына,
3-пад твайго з-пад белага крыла?
Што глядзяць самотнымі вачыма
Васількі з пісьмовага стала?
Едуць людзі — з радасцю, з бядою,
Едуць сотні ўдзячных землякоў
Прычасціцца не святой вадою,
А святлом з ягоных васількоў.

Алесь Барскі
МАГІЛА МАКСІМА БАГДАНОВІЧА


Твае косці ў зямлі чужой,
У зямлі твайму сэрцу не любай,
Хоць не мала на свеце вужоў,
Але молімся мы да галубак.
Свет прыгожы ў колерах знік,
Нас нянавісць да лёту не ўзніме,
І хаця на грудзях чаравік,
У душы нашай вечны жнівень.
Нам калоссе спявае гімн,
І мы сонцу заносім малітву.
Ставіць восень у полі стагі,
Нібы шлемы герояў па бітве.
І на нашай прыгожай зямлі,
Дзе прасторна і вёснам, і зімам,
Як жа многа мясцоў для магіл,
Толькі месца няма для Максіма.
Беларускі каляндар БГКТ


Васіль Вітка
ВЯНОК


Мова дадзена — не маўчаць.
Мова дадзена — мовіць.
Не кладзіце нябыту пячаць
На паэтаву споведзь.
Не на глум, не на злом,
Не для немачы ў горле,
Ён радзіўся арлом
3 крыллем орлім,
А дзе тыя арлы
У нас, на Белае Русі? —
запытаеце вы.
Адказаць ён сам мусіў,
Як глытаў з крымскіх гор
Горкі пах палыновы,
Бачыў родны прастор
І вянок свой цярновы.

Яўгенія Янішчыц
ЯЛТА-1917


Чысты погляд васілька
Ціха журыцца радзіме.
Роднае поле радка
Ці не з табою, Максіме?
Чую, як мора шуміць.
Хваля тугі не адніме.
Хочацца верыць і жыць
Ці не табе, Максіме?
Белай самоты сцяна,
Дай яму лёту і сілы!
Ці не з журбы Лесуна
У Лебедзя гордыя крылы...
Скруха душу апячэ,
А ці ўзніме нягода.
Гэта спяшаецца Чэсць
У абарону народа.
Смерць, ты цікуеш дарма,
Белых галінак кіпенне.
Смерці Паэта няма —
Ёсць Нараджэнне!
Песняй абвостраны слых,
Чуеш, Максім? — не ўмірае!
Гэта з табой. І для ўсіх
Зорка Венера світае.

Янка Сіпакоў
ЯЛТА, МАКСІМ, КІПАРЫСЫ


Ён навучыў, здаецца, гаварыць
Па-беларуску нават кіпарысы,
Барвінак на магільніку гарыстым
Ён навучыў, здаецца, гаварыць.
Паўднёва сонца плавіцца ўгары,
Зямля гарачая, нібыта прысак...
ЁН навучыў, здаецца, гаварыць
Па-беларуску нават кіпарысы.

Анатоль Дэбіш


Па вулцы крочу я начной,
Дзе ты любіў гуляць калісьці,
І з дрэў кладзецца долу лісце,
Па вулцы крочу я начной.
Паўсюль чуцён тут голас твой,
У ім — мой боль, са смутку выйсце.
Па вулцы крочу я начной,
Дзе ты любіў гуляць калісьці.
У небе зорка узышла,
І здагадаўся я — Венера.
Душу мне абудзіла вера,
Як зорка ў небе узышла.
І ў сэрцы песня ажыла:
І матчын кут, і сад, вячэра.
Калі ў небе ўзышла
Тваёй самоты боль — Венера.
Я паміраю, ды для Вас
Мой верш і песня застанецца.
Ах, у грудзях як сэрца б'ецца:
Я трыялет пішу для Вас.
У самы найсамотны час
Пяшчотай хай ён адзавецца.
Я паміраю, ды для Вас
Мой верш і песня застанецца.
Навошта звадкі і мана,
Калі ўсе ляцім да зорак.
І паглыне нас вечны морак.
Навошта звадкі і мана.
Хай Вам за дваццаць ці за сорак,
Зямля ў нас ва ўсіх адна.
Навошта звадкі і мана,
Калі ўсе ляцім да зорак


Уладзімір Скарынкін


Узлессі, паплавы,
Лугі ля Яраслаўля
Ўдыхаюць пахі шчаўя
І маладой травы.
Хвалюе вецер плёсы
Яшчэ зялёных ніў.
Дождж спаласкаў нябёсы,
Пяшчотна падсініў.
Над паркам гарадскім
Хмурынкі белы вехаць...
— У Вільню трэба ехаць! —
Нібы адсек Максім.
А бацька зноў:
— Дарога У Белебей прамей.
Ты вераб'я старога
Паслухай, зразумей.
Пагодлівы, кумысны
І ўтульны гарадок
Быў для цябе карысны
3 маленства, галубок.
А што ў далёкай Вільні
Цябе чакае?
Шум,
Нібы на лесапільні,
Бруд, мітусня і тлум.

Дарэмна ўсё!
Максіму
Шляхі не выбірай.
— Хоць родны край — не рай,
Я еду на радзіму!
3 вытокаў роднай мовы
Я там зраблю глыток.
Нашэпчуць мне дубровы
Там не адзін радок...
Дзе голуб купаўся...
Паэма // Вугал атакі:Вершы і паэмы. Мн., 1982. С. 41-42.


Павел Пруднікаў
Стань, мой дружа, нахіліся,
Ціха, моўчкі пакланіся
Перад памяццю адкрытай,
Землякамі не забытай.
Пакланіся шчыра, нізка
Перад тым, хто быў нам блізкім,
Хто паіў жыццёвым хмелем,
У зямную радасць верыў;
Хто натхняў нас родным словам
У часіну год суровых.
Нахіліся, пакланіся
1 нашчадкам назавіся.
1957 г. Тут жыў Багдановіч // Мая магістраль: Выбранае. Мн., 1981.
С.111-112.


Янка Журба


...Ты прыгнечаных клікаў да лепшае долі
І нязгасным быў светачам краю свайму.
Ад думак крыштальных, што ўкладзены ў творы,
І мудрасцю вее, і бляскам жывым.
Наша родная мова у творах выдатных
На ўвесь край заблішчэла агнём залатым...
Ад ліры тваёй наша родная мова
Набралася сілы, цудоўнай красы.
Хай заўсёды гучыць тваё моцнае слова,
У далечынь хай ляціць праз палі, праз лясы!
1922 г. Памяці М. Багдановіча// Выбраныя творы. Мн., 1950. С. 109—110.

Рыгор Барадулін
САКОЛЬНІК


Успырхнула роднае слова падлёткам
3 цёплых далоняў матчынай песні.
Падлётка прыціхлага і нясмелага
Прылашчыў за пазухай хлопчык Максімка.
Вучыў яго вышыні не баяцца,
Крылы сваі давяраць
Хмарам, вятрам сустрэчным...
Падлётак смялеў і лётаў
У вырай, у край сінявокі,
Што Белаю Руссю зваўся.
Вяртаўся у горад над Волгай —
І пахлі ўздужалыя крылы
Самлелым аерам Наддзвіння,
Трывожнай зарой Наднямоння,
І косамі свіцязянак...
Як здзіўлены быў блакіт,
Калі з пляча юнака Максіма
Да сонца вольны птах ускрыліў —
3 ім цяжка было сагнацца
І ўладарам захмар'я.
Паклон табе, горды Сакольнік
Беларускага крэўнага слова,
Беларускага вечнага слова,
Што ты заручыў яго з небам.
Дзякуй, Максім Багдановіч!


Рыгор Барадулін
ВЯРТАННЕ МАКСІМА


Якраз гулянку справіў пан Падвей,
Дадому дачакаўшыся Максіма.
Не суровей, сцюдзёны суравей,
Зірні на свет ягонымі вачыма.
Праз дзевяноста год,
Бы ў забыцці,
Ідзе паэт па змененаму Менску,
Між камяніцаў хочацца знайсці
Драўляны дом,
Як той дубок на ўзлеску.
Яму паабяцаў Сяргей Вакар,
Які змушае камень засмяяцца,
Што дом свой
Знойдзе блізка гаспадар,
Ды некуды надоўга знік дарадца.
Не рада Свіслач ледзяным плытам,
Нахмурыўся брывамі голля шэрас
Падацца б на Захар'еўскую —
Там чакае маладая Зоська Верас...
Так і стаяў,
Пакуль яго ўначы
Не ўбранзавела вопратка ад стыні.
Снег не растаў і ўранні на плячы,
Як і належыць снегу на вяршыні.

Данута Бічэль-Загнетава
РАКУЦЁЎШЧЫНА. 31 МАЯ 1987


Хто нашу зямельку адновіць,
Верне яе блакіту бязмеры?
Глядзіць у вочы Максім Багдановіч
вачыма зоркі Венеры.
Хто нашу мову замовіць
ад вуснаў злых, нечытэльнай паперы?
Глядзіць у вочы Максім Багдановіч
з надзеяй зоркі Венеры.
Хто нашы душы заслоніць?
У душы дзяцей хто ўкладзе крыху веры?
Гарыць высока Максім Багдановіч
Ясным агнём зоркі Венеры.
А пушчы гамоняць вяснова.
А зорак зімова маўчанне.
Між зор накрэсліў Максім Багдановіч:
— Біце ў сэрцы нам, біце мячамі!
Лятуць і лятуць тыя коні
з атручанага Палесся.
I дзе ім пасвіцца сёння —
у полі, у небе ці ў лесе?
Няхай напруга адхлыне...
Наш лёс нашых коней запрог.
Яшчэ не затоплена наша Прыдзвінне.
І там сакаўны мурог.


Жыццёвы і творчы подзвіг Максіма Багдановіча сёння з 'яўляецца гонарам і славай беларускай літаратуры, яе прамяністай зоркай, святло якой незгасальнае. Колькі б ні прайшло гадоў, з імем М. Багдановіча заўсёды будзе паўставаць вобраз паэта магутнай сілы. І магутнасць яго ўвасобілася ў любві да роднай зямлі, да роднага слова, у светлым лірызме, філасофскім асэнсаванні жыцця, у стойкасці як асобы, смеласці публіцыста, неўтаймаванасці жыццялюба, геніі мастака. Яго імя і творчасць выпраба валіся часам і набылі неўміручасць.


Г. Каханоўскі


У гісторыі кожнага народа ёсць імёны, якімі ён асабліва ганарыцца. Але ёсць сярод іх і такія, якія сталі здабыткам чалавецтва, бо слава іх перасягнула межы краін і часоў. Беларускі паэт Максім Багдановіч набыў вядомасць сваім літаратурным, грамадзянскім і чалавечым подзвігам. Паэзія М. Багдановіча, прасякнутая патрыятызмам і жыццесцвярджальным пафасам, нагадвае святло жывога пульсуючага сэрца, што аднойчы вырвалася з грудзей сына Беларусі і пералілося ў нязгасную зорку Венеру над разлогамі роднай зямлі.


М. А. Чырскі. Максім Багдановіч у Мінску (Мн., 1986)


Максім Багдановіч быў перакананым і палымяным інтэрнацыяналістам. Сведчанне таму — не толькі яго дасканалыя майстэрскія пераклады паэзіі з розных моў свету (а перакладаў ён з арыгінала), але і яго выдатныя артыкулы
аб паэтах іншых народаў, прасякнутыя шчырай братэрскай любоўю і павагай. Разам з Купалам, Коласам і Цёткай ён стаў заснавальнікам адной з самых выдатных традыцый беларускай літаратуры — традыцыі інтэрнацыяналізму, братэрскай дружбы, узаемапавагі — традыцыі, якой неабходна асабліва да- ражыць і якую няспынна трэба развіваць.
3 “Настаўніцкай газеты”
“Вянок” М. Багдановіча можна назваць сэрцам яго паэзіі, узорам самараскрыцця ў ім чалавека — шукальніка сацыяльнага разняволення, палітычнай свабоды, гармоніі прыгожага і добрага — чалавека, якім быў сам М. Багдановіч.


А. Лойка


“Вянок” М. Багдановіча ў спалучэнні з некаторымі вершамі, напісанымі ім прыкладна ў той жа час, — гэта, несумненна, прадмет гордасці кожнага адукаванага беларуса, усіх славян, а гэта значыць — здабытак і сусветнай культуры.


I. Паступальскі


М. Багдановіч заўсёды быў блізкі да музыкі. І гэта адчуваецца не толькі ў незвычайнай музыкальнасці яго вершаў, але і ў многіх крытычных артыкулах пра музыку, творчасць асобных кампазітараў. Думаецца, што музыка, песня адыгралі галоўную ролю ў станаўленні яго паэтычнага таленту, шчырага, непаўторнага па цеплыні пачуццяў. Уся паэзія класіка беларускай літаратуры напоўнена музыкай, што праяўляецца і ў схільнасці да пэўнай тэматыкі, і ў трактоўцы з'яў рэчаіснасці. і ў стварэнні мастацкіх вобразаў, і ў асаблівых адносінах да рытмікі і строфікі верша, у вытанчаным валоданні фанетычнай палітрай.
3 часопіса «Народная асвста»


Арсен Ліс
Віталь Скалабан
РАЗВІТАННЕ 3 МАКСІМАМ БАГДАНОВІЧАМ


У летапісе айчыннай гісторыі культуры — малавядомая, амаль нерасказаная старонка дружбы Максіма Багдановіча з палітычным дзеячам, адным з лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады Аркадзем Смолічам. Яны пазнаёміліся ўвосень 1916 г. у Менску. А. Смоліч жыў тут ужо нейкі час, працаваў у губернскім статыстычным бюро Менскага земства. Пасля сваіх з добрай волі і вымушаных (быў звольнены з інстытута і нямала пахадзіў у пошуках працы) вандровак па Беларусі выношваў думку напісаць кнігу па геаграфіі роднай зямлі. М. Багдановіча ж з Яраслаўля ўладна паклікала кінутая дужымі гэтага свету ў пажар сусветнай вайны спакутаваная Бацькаўшчына. Хацеў быць з ёю ў час трывогі. Можа, спадзяваўся ў глыбіні душы на яе ўваскрашэнне. Найчасцей сустракаліся Максім Багдановіч і Аркадзь Смоліч у “Беларускай хатцы” (на Захараўскай, 18), у гэтым своеасаблівым клубе менскай інтэлігенцыі. Па суботах тут збіраліся, каб пабыць разам, параіцца пра бежанскія справы (многія ў той час працавалі ў Камітэце помачы ахвярам вайны), Антон Лявіцкі, Аляксандр Уласаў, Усевалад Фальскі, Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Віктар Чавусаў, Людвіка Сівіцкая, Аркадзь Смоліч. Паслухаць старэйшых, а больш паспяваць гуртам, павучыцца народных танцаў заглядала моладзь. Аркадзь Смоліч дапамог Максіму Багдановічу ўладкавацца на працу ў земстве. Работа была не вельмі цікавая, але давала хлеб надзённы. Мецэнатаў не было, ды, зрэшты, паэт не схільны быў да таго, каб яго апякалі. Няўважлівы да ўласнага здароўя, не любіў прымаць клопат пра сваю асобу і ад сяброў. Не браў купленых яму Смолічам галёшаў (восеньскай непагаддзю без іх у адных чаравіках было несамавіта), аж пакуль сябра не прыгразіў тут жа кінуць іх у полымя грубкі. Ішлі дні, тыдні. Разам снавалі планы. Людвіка Сівіцкая, вядомая пазней як Войцік, успамінала, што ўтраіх зМаксімам і Аркадзем яны збіраліся скласці, напісаць кніжку пра Беларусь. Літаратуразнаўцы адносяць напісанне такіх твораў, як “Пагоня”, “Страцім-лебедзь”, да восені-зімы 1916—1917 гг. Часавая ж атрыбуцыя вершаў “Ты не згаснеш, ясная зараначка”, “Беларусь, твой народ дачакаецца”, “Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі”, “Беларусь, Беларусь! Агнём імя тваё мне гарыць” няпэўная. У іх любоў паэта да Бацькаўшчыны адметная шырокай гамай пачуццяў: верай, заклінаннем, дакорам... Дамінуе думка, выказаная ў радках: “Беларусь мая! Краіна-браначка! Устань, свабодны шлях сабе шукай”. У цэлым гэтыя вершы вельмі сугучныя з тымі перажываннямі, настроямі, якія зведаў паэт у кароткі менскі перыяд — час глыбокага творчага натхнення і... развітання. Надыходзіла прадвесне, і, занепакоеныя станам здароўя паэта, сябры ўгаварылі яго паехаць у Крым на лячэнне. Праводзілі хаткаўскай грамадкай, з надзеяй... У сакавіку, неўзабаве пасля падзення царызму, выйшла з падполля, аднавіла сваю дзейнасць БСГ. Смоліч на веснавым з'ездзе беларускіх партый і арганізацый быў абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт. Пасля першай канферэнцыі БСГ узначаліў яе Менскае бюро. 3 канца красавіка пачаў выдаваць на Захараўскім завулку ў доме № 6 друкаваны орган ЦК БСГ газету “Грамада”. А ў яе 4-м нумары Смолічу давялося друкаваць сваё слова развітання з паэтам. Засталося дадаць, што адсутны ў Менску і Вільні 4-ы нумар “Грамады”, дакладней, яго ксеракапічны адбітак, удалося знайсці ў Пецярбургу, дзякуючы ласкавай увазе нашага земляка Віктара Аляксандравіча Цвікевіча.

Аркадзь Смоліч
Максім Багдановіч
(12 мая г. г.)


Дагарэў чалавек... Гадоў дзесяць назад яркім полымем успыхнуў талент маладога песьняра, загарэлася надзея новай вялікай творчай сілы.
Як мы цешыліся шыбкім разьвіццьцём гэтага таленту! Саўсім ніспадзевана пачынае ен прывіваць да нашага вершу, які да таго часу быў досыць неапрацаваны, незграбны, — самые тонкія складаныя формы эўрапейскай паэзіі. Радасна дзівючыся, бачым, як з пад яго пяра жывымі, рэзка і мастацка намалёванымі, выходзяць фігуры нашай мітолёгіі, як ён, падняўшы вочы свае ў далёкую мінуўшчыну, выяўляе найхарашэйшыя абразы нашай гісторыі, як урэшці ён, дзіцем вывезены з роднага краю, там на чужыне, гэтак прасякнуў духам нашай народнай песьні, абрадоў і звычаеў, што яго творы здаюцца цэнным дыамантам народнай паэзіі, якога знайшоў недзе ў глухіх закутках шчасьлівы этнограф. Якой трэба было напружэннасьці пачуцьця, якога мас- тацкаго разумленьня і ўгадываньня душы народнай, каб у далёкім Ярослаўлі пісаць родные абразы, чуць адбітые у памяці, і пісаць гэтак жыва, што нават для бачыўшых іх і гадаваных сярод іх аткрываецца саўсім новае сярод старога, вядомаго. Аднавіце ў сваёй памяці яго вершы. Гарачае сэрца сказала іх, а галубіная душа вынасіла. Столькі чыннай сілы, столькі чыстаго, незапарушэнаго пачуцьця. I з кожнага радка глядзіць на вас мяккая, шчырая, акрыленая душа паэта, праз усё жыццё ня меўшая іншаго закону, апроч хараства, гэт кая паднятая над зямлёю, над звычайнымі будзённымі справамі. І Богдановіч папраўдзі быў такім. Жыцьцё яго сходзілося з яго паэзіей. I ў жыцці ешчэ больш можа, чым у паэзіі, здаваўся ён нейкім госьцем з высокага неба. Успомніце апошніе месяцы яго жыцьця. Слабы, надламаны сухотамі, прыехаў ён у Менск на родную зямлю, гэтай восеньню. Прыехаў — каб працаваць, пуста было ў нас, нічога не рабілася. Ён узваліў на свае плечы ўсю працу і рабіў за нас, за міліёны здаровых. Ні мінуты ён ні застаўляў сабе. Пасьля Каляд ён увесь час быў у гарачцэ і тады ешчэ ніхто яго ні мог супакоіць, нікому ні саступаў ён свайго мейсца ў беларускай справе. Гэткаго адданьня ідэі мне ні даводзілася бачыць. Мала хіба такіх людзей знойдзіцца цяпер. Кажуць некалісь — у даўные суровыя часы былі праведнікі і душа іхняя заўсёды жыла ў высях пад небам. Ад твару іхняга выходзіло святло і напаўняло сэрцы людзкіе міласьцю і згодаіі. Ніколі не зьмянялася яснасьць іхніх вачэй — і на сьмерць ішілі яны поўныя веры, што на іхняй крыві ўзрасьце вялікая справа, якой яны служылі.


Даўно ўжо целам я хварэю,
І хвор душой.
І толькі на цябе надзея,
Край родны мой!
У родным краю ёсць крыніца
Жывой вады.
Там толькі я змагу пазбыцца
Сваёй нуды.
Калі ж у ім умру-загіну,
Не жалюсь я!
Не будзеш цяжкая ты сыну
Свайму, зямля.
Там хоць у гліне, хоць у брудзе,
Там, пад зямлёй,
Найдуць мае слабыя грудзі
Сабе спакой.


Галоÿная

Hosted by uCoz