Галоÿная

Як успамінае Вацлаў Ластоўскі, яшчэ ў 1911 г. Багдановіч з запалам выкладаў рамантычную мару аб узгадаванні “сапраўднага генія слова, які бы паказаў свайму народу не толькі красу роднай мовы, але даў бы творцу з агульналюдскімі цэннасцямі”, які “павінны ўвекавечыць нашае нацыянальнае імя і паставіць яго нараўне са ўсімі іншымі культурнымі народамі свету”. Юнак яшчэ не ведаў, што тое, чаго ён чакаў ад кагосьці, гэта быў менавіта ягоны лёс, яго прызначэнне, яго ўнутранае чаканне “Вянка”.
'Гэта была як адзначыў потым сам паэт, “кніжка... зусім маладая”. Яна складалася з паловы 1909 г. да паловы 1912 г., калі Багдановічу было 17—20 год, але ў ёй сапраўды былі “творчасць, і натхненне, і сур'ёзная праца”.
Не ўсе, праўда, вершы, што да выхаду “Вянка” былі напісаны, у зборнік уключаны. І яны не ўключаліся не толькі таму, што гэта была “кніжка выбраных вершаў” (такі падзагаловак мае “Вянок”). Гэта была ўвогуле арыгінальная кніга паэта, не проста зборнік вершаў, а кніга паэзіі — з арыгінальнай агульнай задумай, своеасаблівым унутраным “лірычным” сюжэтам. І таму ў ёй не знайшлі сабе месца самыя першыя публікацыі М. Багдановіча —вершы “Прыйдзе вясна”, “Над магілай”, вельмі блізкія да тэм, матываў, паэтыкі купалаўскай “Жалейкі” і “Песняў-жальбаў”Якуба Коласа. Няма ў “Вянку” і верша “Гнусь, працую, пакуль не парвецца”, напісанага ад імя селяніна, у якім, падобна як у ранніх вершах Янкі Купалы і Якуба Коласа, Багдановіч з поспехам раскрываў сумарны вобраз беларускага селяніна.
Творчая гісторыя “Вянка” ўвогуле складаная. Хоць кніжка і пісалася на працягу вельмі кароткага адрэзка часу, ды гэта быў час імклівага росту Басдановіча-паэта. -У 1911 г., пасля наведання Беларусі, у паэта абудзілася цікавасць да эпічнага асэнсавання тэмы народа, рэзка паглыбіўся гістарызм яго паэтычнага мыслення. Цыкл “Старая Беларусь”, вершы якога “Летапісец”, “Перапісчык”, “Слуцкія ткачыхі” выявілі зварот Багдановіча да пушкінскіх традыцый успрыняцця і раскрыцця ў паэзіі жыцця ва ўсёй яго шматграннасці і гарманічнасці. Вучоба ў А. Фета паглыбіла псіхалагізм паэзіі Багдановіча, уменне адчуць “дыялектыку душы”, узбагаціла яго майстэрствам тонкага валодання лірычнымі сродкамі дзеля раскрыцця ўнутранага свету чалавека. Ужо ў “Вянку” Багдановіч паскорана прайшоў шлях ад сваёй ранняй паэзіі імпрэсіяністычнага захаплення светаценем, дробных штрыхоў, малюнкаў да вершаў менавіта з пушкінскай шматслойнай гушчынёй фарбаў, эмацыянальных адценняў.
“Вянок”— не зборнік, а цэласная кніга паэзіі, што ўпершыню ў нацыянальнай паэзіі самасцвярджала свае як жанрава-структурныя асаблівасці, так і асноўны ўнутраны прынцып аб'яднання вершаў у адзінае мастацкае цэлае — канцэптуальную разгорнутасць, завершанасць паэтычнай думкі, своеасаблівы яе лірычны сюжэт. Да апошняга часу “Вянок” Багдановіча менавіта ў сваёй класічнай завершанасці не быў прачытаны, хоць і было вядома, што сам паэт меў намер выдаваць яго ў трох частках, а выдавец—насупраць волі паэта—адкінуў трэцюю частку кнігі і да апошняга часу яна друкуецца як асобны лірычны цыкл. Выдавец не зразумеў паэта. І ён пазбавіў бы гэтага разумення і нас, калі б наборшчык кнігі не пакінуў нам у ёй знакаў першаснай, непасрэдна аўтарскай задумы “Вянка”. Канечне, і ў сваім укарочаным выглядзе “Вянок» Багдановіча застаецца для нас класічнай кнігай паэзіі, але ён, натуральна, у такім варыянце ніяк не выражае агульнай першаснай задумы паэта, якая сыходзіла па ўзору Дантавай “Боскай камедыі” з траічнасці як асноўнага кампазіцыйнага прынцыпу пабудовы твора мастацтва, з імкнення пазнаць свет у яго дыялектычнай сутнасці, гарманічнасці, развіцці. “Малюнкамі і спевамі” назваў паэт першую частку “Вянка”, і гэта былі малюнкі рэальнага жыцця, спевы ў гонар светлых ідэалаў, веры ў будучыню. якія ўзвышаліся ў “Вянку” над плачамі аб народнай нядолі, над горкім драматызмам паэтавага роздуму пра гістарычнае мінулае бацькаўшчыны.
У чым жа знаходзіў паэт патолю, сілу дзеля пераадолення народнага гора? У мадоннах! У красе і дабрыні, у тых крыштальна чыстых маральных сілах, што яшчэ адраджэннем былі ўвасоблены ў постацях і рысах твару мадоннаў. Таму асобную, другую частку “Вянка” і называў паэт “Мадоннамі”, прысвячаў ім. Але ён не мог закончыць гэтым раздзелам “Вянок”. І вось чаму: позірк, які ўздымаў паэт, нібы на ікону, на адраджэнскую мадонну, ён жа мог здацца і позіркам, які нібы сведчыць аб адрыве яго, паэта, ад рэальнага жыцця з супраць борствам у ім грозных сіл і стыхіяў. І Багдановічу важна было сцвердзіць, што яго ўздыманне вачэй на ідэал — гэта менавіта арыентацыя на вышэйшую цнатлівасць, што павінна быць з чалавекам, з народам у яго паходзе ў лепшую будучыню. Але гэтае ўздыманне вачэй ніяк не павінна пазбаўляць чалавека пачуцця рэальнасці і таго, што шляхоў у будучае няма без страт і самаахвярнасці, без вялікай любові да чалавека і няўмольных згуб. Агульная канцэптуальная думка “Вянка” завастралася трэцяй часткай кнігі са згрозлівай назвай: “Каханне і смерць”. Глыбокі агульнагуманістычны пафас “Вянка”з яго марай аб гарманічна развітым чалавеку, прыгожым і чулым, сутыкаўся з “непаэтычнай” рэчаіснасцю — сацыяльна-палітычным ладам, у якім задыхаліся ад сацыяльных крыўд і няволі людзі, узнікала своеасабліваепаэтычнае адмаўленне рэчаіснасці, але гэта было адмаўленне не рэвалюцыянера, а больш ідэаліста, гуманіста утапіста. Ды ўжо ў “Вянку” Багдановіч быў ім і не быў. Ен быў ім у сувязі з тым, што менавіта раздзел “Мадонны” завастраў сабой ідэйны пафас кнігі. Няхай здарылася гэта не па яго волі, тым не менш факт стаў фактам, і яго аб'ектыўнае гучанне нішто змяніць не магло. Разам з тым грамадзянскі пафас “Вянка” куды шырэй ад тону, зададзенага вобразамі мадоннаў. Бо галоўным у кнізе стаў не другі, а першы раздзел —“Малюнкі і спевы” з яго сямю цыкламі, якія ўласна сталі ядром кнігі ў цэлым. Сем цыклаў першай часткі “Вянка”— гэта як бы сем выхадаў паэта ў кола жыццёвых абставін чалавечага жыцця, у кола матываў і праблем, што ўзнікаюць у сувязях чалавека з прыродай, чалавека з грамадствам. У цэнтры ўвагі М. Багдановіча — чалавек і яго лёс, асноўнымі тэмамі былі патрыятычныя, свабодалюбівыя матывы з жыцця вёскі і горада, з блізкага і далёкага мінулага краіны, матывы духоўнасці жыцця чалавека — маральнай дасканаласці, тэмы мастака і адносін мастацтва і рэчаіснасці, так званыя вечныя тэмы жыцця і смерці, кахання, дружбы, вернасці. Большасць вершаў, асабліва звязаных з вырашэннем праблем узаемаадносін чалавека і грамадства, была тут адкрыта грамадзянскага пафасу. Але сацыяльна пафаснымі былі ў “Вянку” і творы так званых вечных тэм, агульначалавечых матываў, бо і першыя другія роўна былі выражэннем паэтавага жадання шчасця для чалавека.
Глыбіня грамадзянскага пафасу першай часткі “Вянка”— духоўная глыбіня асобы, якая ў ёй раскрыта, лірычнага героя кнігі. Наватарства “Вянка” звязана менавіта са сцвярджэннем уласна лірычнага пачатку ў паэзіі, пераключэння развіцця маладой беларускай паэзіі пачатку XX ст. з асноў сумарнасці на індывідуалізацыю, на выяўленне асабістага, інтымнага, а цераз іх — агульначалавечага. “Вянок”— рэальная духоўная біяграфія паэта, уласная перажытасць думак і пачуццяў не дазваляе вобразу лірычнага героя “расплыцца”; яго бачыш “у твар”, адчуваеш яго дыханне. Вершы Максіма Багдановіча гучаць ціха, спакойна. Лірычны герой “Вянка”—вобраз ледзь не энцыклапедычнага раскрыцця думак і пачуццяў асобы ў яе шматгранных сувязях з гісторыяй чалавецтва і свайго народа, з усёй сферай філасофскіх праблем дабра і зла, прыгожага, трагічнага, гэта вобраз чалавека дапытлівага розуму, мужнага сэрца. Чалавек гэты — шукальнік сацыяльнага разняволецня, палітычнай свабоды, гарманічных, прыгожых пачаткаў жыцця.
Асноўная грамадзянская тэма “Вянка”— тэма Радзімы. “Зачарованае царства” роднага краю радуе і засмучае паэта. Але ў нізцы аднайменнай назвы больш радуе. Паэта захапляе гармонія красы, разлітая ў прыродзе, і ён, як бы палемізуючы і з уласнымі песнямі жальбы, палымяна заклікае:


Кіньма жа думкі аб долі гаротнай,
Хоць бы на момант спачыяем душой
Душою ж хварэючы за тых, на кім ланцугі нядолі
паэт звяртаецца да Нёмана: ' ;
Дык разлійся жа раздольна
У чыстым полі і гаю
І красой паводкі вольнай
Душу выпрастай маю!


У цыкле «Згукі бацькаўшчыны», згадваючы родныя песні продкаў, паэт імкнецца праз іх высокі сэнс зазірнуць у думкі сваіх суайчыннікаў. Словы гэтых песень урываюцца ў пейзажны верш паэта аб вечары (“А дзе ж тая крынічанька, што голуб купаўся”), у яго лірычны верш “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю”; “У чыстым полі вецер вее, павявае,— // Ты пакінь мяне, нуда мая нямая!”. Вобразы ж герояў народных песень паэт раскрывае ў вершах “Уся ў слязах дзяўчына”, “Ян і маці”. Нялёгкая доля ў гэтых герояў. На вачах стомленай, змарнелай, “слёз праліўшай рэчку” маці “ў панурай, цескай хаце” памірае сын (“Ян і маці”).
Цяжкая ты, народная доля, паказаная паэтам паводле матываў народнай песні, на невясёлы лад настройваюць яе матывы (верш “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю”).
Згукі народных песень як бы ацвярожвакшь радасна летуценнага песняра “зачарованага царства”. Яно адышло пасля іх кудысьці ўдалячынь, як песня незацярушанай нічым красы родных лясоў і нетраў, звонкай прыгажосці марознай ночы, беласнежнага цвіцення вішнёвых садоў. Народныя песні распачалі той непатольны сум, які неўзабаве прарвецца ў ім крыкам сыноўняга болю: “Краю мой родны! Як выкляты богам...”
Нізка “Старая Беларусь”—тэта позірк паэта ў мінулае краіны, позірк, прагны зведаць “аб прадзедах сваіх,— аб горы, радасцях, і аб прыгодах іх”.
Не прынесла, аднак, патолі паэту і тое, што “прайшло, мінула”. Там, у мінулым, былі слуцкія ткачыхі, была іх няволя, туга па “зубчатым краю бору”, па родных васільках (верш “Слуцкія ткачыхі”).
Шмат у чым працягам погляду ў мінулае быў і наступны раздзел “Вянка” — “Места”. Якім было самае агульнае ўяўленне аб Беларусі пачатку XX ст.? Беларусь мужыцкая, вясковая... Пераважна сялянскаю яна на той час сапраўды заставалася, але гэта не значыла, што такой яна была спакон веку. Багдановіч мысліў гістарычна: азіраючы старую, сярэдневяковую Беларусь, ён бачыў у ёй і гарады, слаўныя магдэбургскім правам, рамеснікамі, кніжнікамі.
Непасрэдна публіцыстычна-грамадзянскае завастрэнне тэмы Радзімы вынікае ў нізках “Думы” і “Вольныя думы” — у першую чаргу ў вершах “Упалі з грудзей Пана Бога”, “Краю мой родны! Як выкляты Богам”, “Кінь вечны плач свой аб старонцы”, “Нашых дзедаў душылі абшары лясоў”. Беларусь у іх паэтызуецца як краіна сялянская, але ўласна вобраза сучаснага паэту мужыка тут няма. Спецыфічна выяўлена тут і тэма працы, якая, як правіла, у лірыцы Янкі Купалы і Якуба Коласа была спалучана з тэмай народнай нядолі. Вершы “Вянка” “Слуцкія ткачыхі”, “Перапісчык”, “Кніга” сваёй пластычнай выразнасцю ўвогуле выяўлялі і рэнесанснае па духу, і дэмакратычнае па сутнасці адкрыццё прыгажосці працы як дзеяння. Верш “Краю мой родны! Як выкляты Богам”—вяршыня грамадзянскай лірыкі Максіма Багдановіча перыяду “Вянка”. Суровая карціна народнага жыцця ледзь не палохала самога паэта: “Брацця! Ці зможам народнае гора?” Ды гэта быў не спалох, не адчай, не адступленне, а роздум, узважванне сваіх сіл, сваёй рашучасці і любові да роднага краю. І яшчэ заклік збірацца з сіламі, бо вельмі ж агромністае грамадскае гора “сціснула... дыханне ў народзе”. Своеасаблівым працягам тэмы Радзімы з'яўляецца ў “Вянку” распрацоўка тэмы прыроды, яднання з ёю, чалавека. Шчыра радаваўся паэт прыгажосці лясоў і палёў, красе веснавога квітнення (“Па-над белым пухам вішняў”), непаўторнасці летняга вечара (“Цёплы вечар, ціхі вечар, свежы стог”), вячэрнім пейзажам зімовай дарогі (“Зімой”). Гэта былі вершы і прыгажосці Радзімы, і любові да яе.
Сваё захапленне красой прыроды паэт выказвае шчыра і нязмушана. “З прыродай зліўшыся душой”, бачыць ён, як дрыжаць над ім “ад ветру зоркі”, -”чуе-ў цішы, як расце трава” (верш “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”). І ён так і не ведае, адкуль гэта “ліецца хваляй песня,—ціхі, ясны гімн вясне”: ці то яе разбудзіў “сінякрылы матылёк”, “дрыжачымі крыламі” звонячы “ледзьве чутна” “ў струнах сонца залатых”, ці то яна выплывае з сэрца паэта, абуджаная ў ім “сінім аганьком” таго ж самага матылька? Музыка прыроды — гэта музыка сэрца, кажа Багдановіч вершам “Па-над белым пухам вішняў”. Душа паэта павінна ўлавіць гэта адзінства прыроды і чалавека. Радасць песень вясновага квітнення павінна стаць зразумелай кожнаму. Багатыя гэтай радасцю, людзі стануць сапраўды людзьмі «раздольнага, вольнага свету».
Пафас, ідэйная напоўненасць, змястоўная насычанасць “Вянка” і ў акцэнтацыі маральных праблем — патрабаванняў актыўнага грамадзянскага жыцця, поўнага духоўнай аддачы (“Жывеш не вечна, чалавек”, “Рушымся, брацця, хутчэй”, “Зразаюць галіны таполі адну за адной”). Маральна-этычныя праблемы звязаны з думкамі аб Радзіме, аб патрыятычным служэнні ёй, як і вершы на тэму мастака і мастацтва, якімі паэт адстойваў у зборніку першаснасць прыгожага ў жыцці (“Дзе вы, лясоў, палёў цвяты?”), спецыфічнасць мастацтва (“Калі ў ракавіну цёмную жамчужніцы”, “Песняру”, “Гутарка з паненкамі”), народнасць (“Каганцу”).
Зборнік «Вянок» — глыбока філасофская кніга. Паэт шукае “красу, і светласць, і прастор”, мацуе веру ў лепшае будучае народа, сваё адчувапне хараства прыроды і пачуццяў Чалавека. У гэтым, зразумела, было вельмі мала ад самой эпохі, у якую жыў паэт, ад той суровай, згрозлівай прозы, якая яе напаўняла.І ўсё ж паэт ад рэчаіснасці не адгароджваўся, ён быў з народам, з жыццём, якім яно было навакол. Гуманіст Багдановіч стаў песняром і сучаснай яму эпохі. Не сама краса станавілася ў гэтых выпадках зместам яго паэзіі, а гуманізм адносін паэта да жыцця. І вершы былі верставымі слупамі на шляху пошуку “красы, і светласці, і прастору”, але вымяралі яны ўжо зусім іншую грань шматлучнай натуры Багдановіча-паэта. Глядзеў ён на жыццё, і горкае, нядольнае , яно ядналася ў песнях з красою, выяўляліся ў прыгожым слове нават драматычныя перажыванні, звязаныя з хваробай паэта (вершы “Не кувай ты, шэрая зязюля”, “Даўно ўжо целам я хварэю”). Драматычны боль за ткачых-паланянак стаў “прыгожым” болем верша “Слуцкія ткачыхі”. Трагічнае ў цыкле “Каханне і смерць” раскрылася перш за ўсё як прыгожае: прыгажосць подзвігу маці ў імя жыцця дзіцяці. Гэта не было спецыяльнай эстэтызацыяй балючага нечалавёчага: сама спецыфіка лірыкі абумоўлівала “прыгажосць” драматычных, трагічных вершаў “Вянка”, высвечвала іх сэнс гуманістычным ідэалам. І ключ да разумення духу, сутнасці “кнігі выбраных вершаў” якраз у гэтым —
у бачанні “прыгажосці” паэзіі не як самацэннай каштоўнасці, а як высокамастацкага выяўлення дэмакратычных, гуманістычных традыцый.
Поўны светлай веры ў мудрасць дыялектыкі, Багдановіч усёй душой радаваўся ў “Вянку” вечнай маладосці ў прыродзе, вірліваму абнаўленню і квітненню. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнаеці народа, сімвалам немінучага адраджэння краю, абнаўлення яго гістарычнага жыцця, прыходу лепшага будучага:


Зразаюць галіны таполі адну за адной...
Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.


Прыроду М. Багдановіч бачыў не толькі ў вобразах майскіх кветак. Кветка перацвітае, каб даць плён, зерне прарастае, каб даць кветку. За непазбежным кругам чакае непазбежнае, жыццёвыя сілы вычэрпваюць сябе. Тут драматызм, трагізм быцця, і такі паэт, як Багдановіч, не мог пра іх не пісаць. 3 думак аб дыялектыцы жыццёвай сутнасці, аб узнёслым і радасным, аб драматычным і трагічным гэтага развіцця і вырастаў цыкл вершаў “Каханне і смерць”. Чаму такой дарагой цаной аплачваеш ты, прырода, радасць.якую даеш чалавеку? Чаму так хуткабежна сама радасць? Гэтыя пытанні ўвесь час балелі паэту (вершы “З енкам дзіцё ты раджаеш”, “Без сіл, уся ў пату, як белы снег, блядна”, “Пасля радзін ты ўсё штодня марнееш”). Так, гэта трагічна, гаварыў паэт, трагічна, калі каханне абрываецца смерцю. Але ніхто ж кахання не праклінае, як не праклінае яго і тая, каторая ад яго памірае. Бо каханне — гэта жыццё, ім яно пачынаецца, з яго нараджаецца — слава каханню! Смерць, забіраючы каханую, не забірае жыцця, народжанага ёю ад кахання.
Смерць жыцця не перамагае, і таму паэзія — гімн каханню, вечнаму кругазвароту жыцця. І яшчэ адзін акцэнт вылучаў паэт у гэтым цыкле:
каханне — гэта подзвіг жанчыны; вышэй ратнага подзвігу ставіць паэт подзвіг маці, што “Ў мучэннях памірае, каб жыццё дзіцёнку даць!” (“Тым вянкі суворай славы”.).Асобная думка пакладзена Багдановічам у аснову рандо “Узор прыгожы пекных зор”. “Гразь луж” у цемры ночы адсвечвае красу вечных зор, і ёй, адсвечанай, “гімн спявае жабаў хор”. Узыходзіць сонца, чэзне адбітак зор у лужах, і жабы клянуць за гэта сонца. “Ды жаб не ўчуць вышэй ад гор там, дзе чыясь рука зрабіла ўзор”,— робіць вывад паэт. Зоры тут для яго —сімвал адвечнай высокай прыгажосці. Адбітак жа, якім захапляюцца жабы,— уяўная краса. Высокая краса застаецца заўсёды, нягледзячы ні на якія праклёны жаб, што крэкчуць кожная са сваёй купіны. Менавіта да высокай красы заўсёды імкнуўся Багдановіч. Але сам ён жыў на зямлі, на якой хапала балота, жаб. У тузе Багдановіча па тым, каб звесці вечную красу на зямлю, і заключаецца падтэкставая сіла рандо “Узор прыгожы пекных зор”.
Зводзячы зоры з нябёс на зямлю, Багдановіч станавіўся як песняром “красы і светласці”, “прастораў”, так і паэтам горкіх кветак жыцця. Але азіраючыся зноў і зноў на пакутнасць, цемрадзь і бруд навакольнай штодзённасці, ён не мог не ўражвацца тым, што краса яго вершаў, краса ўсяго лепшага і дэмакратычнага ў сучасным паэту жыцці — гэта краса ў балоце смуроднай рэакцыі, у цянётах брыдоты мяшчанства. Лілеі паэзіі цвітуць у бросні “краю роднага—выклятага Богам”, але ці доўга ім цвісці сярод “сонных луж балота”?
Маліся ж, каб з літоўнасці стрымала
Тут смерць сваю нязвонкую касу.
Рэха матыву хворых грудзей паэта выразна чуецца ў гэтых радках і разам з тым матыў жорсткага лёсу, наканаванасці, нібы ў рамантыкаў, для якіх лёс чалавека вызначаўся непадуладнымі яму сіламі. Але не толькі гэтых матываў. 3 усёй сілай яшчэ раз загучала тут і рамантычная ў сваёй сутнасці мара паэта, каб вечна квітнелі лілеі паэзіі, каб іх краса стала адзінай красой зямлі, каб толькі з лілей дабра і прыгажосці збірала паэзія поўнымі сотамі “мудрых прамоў мёд залацісты”, поўнымі чаркамі “не меней сэрцу панадны мёд” перажыванняў, прасякнуты “хмелем светлым і тонкім”. Урбаністычная тэма ўваходзіла ў беларускую дарэвалюцыйную паэзію таксама зборнікам “Вянок”. Санет “У Вільні” разгортваў шырокую карціну капіталізаванага горада. Выпісваючы дэталёва ўсё характэрнае,што спарадзіў у горадзе пасляфеадальны час, Багдановіч спыняўся і перад хлопцамі, “суюшчымі рэкламы”, разносчыкамі, што “крычаць ля кожнай крамы”, “радам кас, ламбардаў, банкаў”, але паэта прываблівала іншае — “грук, гоман, гул”, якія тут “ракой імкнуць”, “агні вакзала, павадка фурманкаў”, “віры людзей”, “зялёны семафор”, “заводаў коміны пад цьмой нябес”.
Паэт адкрываў сапраўды адметную прыгажосць горада, які для яго, як і для Брусава, быў перш за ўсё “чарователь неустанный”, “неслабеюшнй магнит».
Захапляючыся горадам, паэт, аднак, ні на хвіліну не забываў аб яго ўнутранай сутнасці, аб супярэчнасцях багацця і беднасці, якія ў ім бурляць. Бляск рэкламаў і ліхтарняў не асляпляў паэта: ён бачыў, як на “жорсткім вулак дне” “гараць аганьком вочы змучаных твараў” (“«Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!”). І на вуліцах горада Багдановіч не забываў аб горы “палёў, лясоў, капцоў, магіл”, “дзе круціць завіруха”, “дзе ўсё бушуе глуха”. Толькі адзін верш аб горадзе поўны ў Багдановіча нічым не асмужанага захаплення— верш “Завіруха”. На першым плане ў ім — захапленне гукамі, што спраўляе пан Падвей —вецер, б'ючы “ў бубны дахаў”, гарцуючы з “дзікім хмелем”, “сп'янелай мяцеллю”. Урачыстасць стыхіі як бы заглушае боль, спароджаны сацыяльнымі кантрастамі горада. У “Вянку” духоўнасць Багдановіча выяўлялася і праз багацце вобразна-выяўленчых форм і сродкаў. Паэтычнае майстэрства,. выяўленае ў кнізе, — выключнае. “Вянок”—класічны зборнік беларускай літаратуры пачатку XX ст. У гісторыі нацыянальнай паэзіі ён. стаў адным з лепшых узораў паэтычнага майстэрства, універсітэтам класічнай паэтыкі, даўшы прыклад універсалізму паэтычнага варштату. Універсалізм гэты быў універсалізмам класічнай еўрапейскай паэтыкі. Кананічныя формы трыялету, санету, рандо, актавы, тэрцын; самыя разнастайныя спосабы рыфмоўкі ў самых розных па колькасці радкоў строфах; самая вытанчаная метрыка — ад гекзаметра да народна-песеннага рытміка-Інтанацыйнага складу; узоры тонкай гукавой інструментоўкі — усё гэта ёсць у кнізе “Вянок”. “Вянок” нёс высокую культуру эпітэта, метафары, кампазіцыйных канструкцый, структур. 3 клопатам аб гушчыні вобразнай фактуры паэт спалучаў імкненне вычэрпваць усе рэзервы выяўленчай сілы тропаў. Эпітэты ў “Вянку” самыя разнастайныя: ад традыцыйна-сталых, як у народнай песні, да асацыятыўных, аксюмаранных. Самыя разнастайныя і метафары, параўнанні.
У.цэлым характар выкарыстання тропаў у кнізе не менш павучальны, чым паэтава асваенне строфікі, рыфмоўкі, інструментоўкі верша. Усё гэта, разам узятае, і давала выяўленне характэрнай арыгінальнасці стылю Багдановіча з яго імкненнем да выкарыстання ўсіх рэзерваў, якія мае той ці іншы вобразна-выяўленчы сродак.
Узорным, класічным стыль Багдановіча робіць менавіта «роўны» і разам з тым «поўны» характар выкарыстання вобразна-паэтычнай палітры.
Зборнік М. Багдановіча “Вянок” — арганічны сінтэз нацыянальных і класічных агульнаеўрапейскіх паэтычных традыцый. ён — выдатнаепрышчапленне на нацыянальнай глебе многіх агульначалавечых ідэй, тэм, вобразаў, класічнай паэтыкі ў цэлым. Зборнік стаў тым не менш не толькі фактарам “інтэрнацыяналізацыі” беларускай паэзіі.— сведчанне яе агульнага росту. У лепшых вершах “Вянка” знайшлі сваё арганічнае спалучэнне нацыянальнае і ўзятае з эстэтычнага вопыту іншых народаў. Нацыянальным момантам акрэсліваўся ў іх лад думак і перажыванняў. Адметныя тэмы, вобразы, сюжэты падказвала гісторыя народа, міфалагічныя элементы фальклору, песенна-народныя традыцыі, якія давалі не толькі каларыт, але выяўлялі саму паэзію народнага светаўспрымання.
“Вянок” таму і стаў класічным зборнікам, што ў ім на новую эстэтычную вышыню падняты былі элементы традыцыйца народныя. Адначасова зітаэтычным геніем М. Багдановіча фарміраваўся і яго талент як крытыка. У перыяд фарміравання і выхаду “Вянка” з'явіліся два першыя канцэптуальныя артыкулы Багдановіча — артыкулы маладога крытыка, які выявіў надзвычайную сталасць думкі, эстэтычнага чуцця, прафесіяналізму. 1911 г. датуецца першы з іх — “Глыбы і слаі”, 1913 г.—“вянкоўскім годам” -- другі артыкул—“За тры гады”.
Артыкулы “Глыбы і слаі” і “За тры гады” — гэта, па сутнасці, пачатак беларускай прафесійнай крытыкі. І тым больш вялікае іх значэнне, што на многія палажэнні, выказаныя тут, навуковая гісторыя беларускай літаратуры грунтавалася ў будучым. Складаны тагачасны літаратурна-грамадскі рух і кожнага яго ўдзельніка імкнуўся ахапіць Багдановіч, і гэта яму шмат у чым удалося. 3 вялікай гордасцю за родную літаратуру, ды ніколькі не наводзячы на яе хрэстаматыйнага глянцу, гаворачы, што яна яшчэ “няразвітая і каравая”, Багдановіч пісаў у сваім першым аглядзе “Глыбы і слаі”: “Не на грашовых справах трымаецца яна і ніколі не пойдзе чысціць боты капіталу!” Гэта былі словы, якія сапраўды вызначылі асноўны пафас адраджэнскай беларускай літаратуры. І ўсё ж, пераклікаючыся з народнымі, вобразы і матывы вершаў Багдановіча беларускага складу амаль ніколі, аднак, не давалі пераклічкі з пэўнай народнай песняй цалкам. У гэтым заўсёды было нешта творчае, і перш за ўсё ў імкненні паэта “сцісла”, “контурна” развіць тэму верша, выбарачна “абыгрываючы” яркія вобразы і матывы вуснай паэзіі. Гэта рабілася пры захаванні агульнага складу народнай вобразнасці і інтанацый, але не без уліку вопыту класічнай паэзіі. Паэт ішоў, па сутнасці, насуперак самому сабе: ён жа хацеў “чыста” беларускіх вершаў, а сам, ідучы ад народнай песні, пісаў “Скірпусю”, “Цёмнай ноччу лучына дагарала”, “Як Базыль у паходзе канаў”, надаючы ім формы вытанчанасці і закончанасці, падобныя да тых, якімі вызначаліся яго вершы класічнага стылю. Выдатнай старонкай творчасці Максіма Багдановіча сталі паэмы “Максім і Магдалена” і “Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык” — яркі ўклад паэта ў справу стварэння беларускага нацыянальнага эпасу. Увогуле творчы шлях Багдановіча — гэта шмат у чым менавіта настойлівыя пошукі эпасу, абумоўленыя як асабістымі творчымі імкненнямі паэта, своеасаблівасцямі станаўлення яго таленту, так і аб'ектыўнымі заканамернасцямі развіцця беларускай літаратуры пачатку XX ст.Ужо самыя першыя крокі Багдановіча былі звязаны з паглыбленнем паэта ў эпічныя традыцыі народнай творчасці. Міфалагічныя лясун і змяіны цар, увайшоўшы ў раннія пейзажньія вершы паэта, рабілі іх мініяцюрамі-шкельцамі з вялікага эпасу старажытнасці. Да 1914 г. Максім Багдановіч шукаў сябе пераважна ў лірыцы, лірычны верш гаспадарыў у яго паэзіі амаль паўналадна, хоць да гэтага часу і былі ўжо ў паэта “Вераніка”, “У вёсцы”, “Перапісчык”, пераклады з “Метамарфоз” Авідзія, з Рунеберга (“Паво”), з сербскага эпасу (“Смерць шэршня”). Эпічнае вельмі настойліва прабіва раскрываў псіхалагічныя асаблівасці характару беларускага народа, якія так выразна выявіліся ў народных песнях. Якраз так, як паводзяць сябе ў паэме героі, у жыцці паводзілі сябе беларускія сяляне. Іх некаторыя чалавечыя слабасці добразычліва і высмейваў паэт, і перш за ўсё ён высмейваў гультайства, няўмельства мушкі, якія давялі небараку-камара да пагібелі. Нічога жаласнага, такім чынам, у гэтай “вельмі жаласнай гісторыі” пра няўдалае сватаўство і смерць камара няма, а ёсць проста цудоўны мудры смех народа над гультайствам, над камарынай блізарукасцю таго ці іншага чалавека. У 1915 г. Багдановіч напісаў паэму “Максім і Магдалена” — твор аб няроўным каханні вясковага хлопа да дачкі старога ваяводы. Ваявода жорстка распраўляецца з хлопам. Максім не ў сіле супрацьстаяць ваяводу. Тым не менш ён гіне як сапраўдны змагар. Твор на любоўна-гістарычную тэму паэма “Максім і Магдалена” стала творам героіка-эпічным. Паэтызуючы гераічны характар з народа, Багдановіч. адкрываў і проста гераізм, вельмі сугучны рэвалюцыйнаму ўздыму 1912—-1914 гг., новых рэвалюцыйных падзей, якія паэт прадчуваў.
Абедзве паэмы Багдановіча паслужылі гістарычнаму, эпічнаму самапазнанню народа. Калі першай з іх Багдановіч рашаў праблему стварэння нацыянальнага фальклорна-гераічнага эпасу, то другой — задачу мастацкага адкрыцця бытавой сферы народнага жыцця, а таксама раскрыцця некаторых асаблівасцей нацыянальнага характару, звязаных перш за ўсё са схільнасцю селяніна да гумару і, сатыры. Абедзве паэмы Багдановіча былі на магістральным напрамку пошукаў нацыянальнага эпасу, а Багдановіч як іх аўтар шмат у чым прадвызначыў творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа — двух розных варыянтаў беларускага эпасу: рамантычна-гераічнага і рэалістычна-энцыклапедычнага.
Паэмы Багдановіча—сярод апошніх твораў паэта. Але не імі канчаўся яго творчы шлях, не імі завастралася яго паэзія пошуку, ідэйнага мужнення. Запаветнымі ў ёй сталі лірычныя вершы 1916—1917 гг., а таксама балада”Страцім-лебедзь”.
“Страцім-лебедзь”—паэтызацыя апакрыфічнай легенды. Гэты твор некаторыя з даследчыкаў адносяць да жанру паэмы. Народная легенда, што лягла ў яго аснову,
нескладаная: паводле яе, адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноевага каўчэга, сам уступіўшы ў адзінаборства са стыхіяй патопу. Страцім-лебедзь трагічна загінуў, бо не здолеў утрымаць птахаў, што абселі яго, ратуючыся ад паводкі. Таму “ад усіх цяпер патомкі есць, ды няма адных—Страцімавых”.
Хоць сам Страцім-лебедзь гінуў, але даваў жыццё іншым птахам. Гэты паварот думкі быў ужо ад паэтавага асэнсавання старажытнай легенды. Народная легенда асуджала непакорнасць Страцім-лебедзя, Багдановіч узвышае гэты вобраз, прадчуваючы блізкасць новых вялікіх падзей, якім спатрэбяцца мужныя натуры, гатовыя на самаахвярны подзвіг. Лірыка Багдановіча апошніх дзён яго жыцця — лірыка сапраўднай чалавечнай мужнасці і веры. Ахоплены ёю, Багдановіч прароча пісаў:


Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня...


Паэт уздымаецца да баявых заклікаў змагацца за буканях», гнеўна выкрываючы здрадніцтва, рэнегацтва, (“Пагоня”). А гэта было вельмі актуальным у той час, калі значная частка Беларусі заставалася арэнай акупацый, калі лёс Бацькаўшчыны быў яшчэ неакрэслены “Пагоня” — адзін з самых палымяных, самых выдатных твораў паэта. Задума верша была падказана віленскімі ўражаннямі. Так, у аўтографе зроблены быў наступны запіс: “У старой Вільні на муру Гострай Брамы вы-сечаны герб мястовы — ваякі на імкнушчых конях. Герб гэты Вільня атрымала яшчэ за часы Вялікага княства Літоўскага, і завецца ён Літоўскай пагоняй” Даследчыкі Багдановіча сёння слушна сцвярджаюць: “Вільня геральдычная дала “Пагоню”, але “Пагоня” — не подпіс да герба, а зусім новае пераасэнсаванне яго сюжэту адпаведна ўнутраным мэтам Багдановіча як паэта нацыянальна патрыятычнага... Маўклівыя фігуры герба цудоўна “агучаны” вобразамі паэта, і вось ужо каменныя коні нясуцца наўскапыт, грымяць збруяй і “цяжка хрыпяць...
Дзве-тры апавядальныя дэталі, што звязваюць верш з грамадскім гербам, а далей — справа і слова за выдумкай паэтычнай, за пачуццём і думкай аўтара, які здолеў так пераўтварыць зрок і слых, а затым тое і другое на ўнутраны душэўны стан, у палымяны публіцыстычны маналог, што... ёсць падставы гаварыць аб сапраўдным цудзе сінтэзуючага манстэрства паэзіі, якое адбылося на нашых вачах.
Лёс народа, Радзімы хваляваў паэта ў апошнія гады яго жыцця і ў шмат якіх незакончаных вершах (“Маці-Беларусь! Цяжка твайму сыну”, “Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі”). Філасофскім жа роздумам над жыццём, над будучым чалавецтва ўвогуле лёг адзін з вершаў 1916 г.— “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы” з яго радкамі: “Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?”.
Лірыка апошніх дзён паэта разам з тым як бы зусім не страціла той жыццядзейнасці, што была ўласціва “Вянку” з яго эпіграфамі з А.Фета:


Оглянись — имир вседневный
Многоцветен ичудесен.


Наадварот, жыццялюбны пафас паэта ў лірыцы апошніх дзён яшчэ больш узмацніўся:


Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак.
Наплывае радасць, з ёю— сум.
Не злічыць у небе ясных зорак,
Не злічыць у сэрцы светлых дум.


Калі помніць, што гэты сум паэта — сум невылечна хворага юнака, то сапраўды можна толькі дзіву давацца ад рамантычнай гіпербалы, што вымярае светлыядумы паэта россыпам ясных зор у небе!.. Гімнамі жыццю, маладосці, жаночай красе сталі апошнія вершы паэта пра каханне — «Маладыя гады», «Усё праходзе — радасць і мукі», «Набягае яно», «Пралятайце вы, дні». Вось іх лейтматыў: «Будзь жа, век малады, поўны светлымі днямі! Пралятайце, гады, залатымі агнямі». Разам з тым — асабліва па вершах «Маладыя гады», «Набягае яно» — выразна бачна, як класічна-вянкоўскія традыцыі зліваліся цяпер у Максіма Багдановіча-лірыка з тым вопытам, што ён набыў, пішучы вершы беларускага складу. Лірыка апошніх дзён паэта ў цэлым сведчыла аб спробах новага арганічнага сінтэзу ў ёй класічнай пластычнасці, выразнасці, метрычнасці з вобразна-выяўленчай палітрай народнай песні, з яе меладычнасцю, нацыянальнай.

Галоÿная

Hosted by uCoz