Галоÿная

Грамадзянская і філасофская лірыка


Лірычны герой М. Багдановіча — сучаснік паэта, якога хвалююць грамадскія, філасофскія пытанні, пошукі грамадскага ідэалу. Філасофскі грунт,”падтэкст” прысутнічае ўжо ў самых ранніх творах Багдановіча.
У 1915 годзе, у разгар імперыялістычнай вайны паэт піша верш “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”, змест якога накіраваны супраць сусветнай вайны:


.. Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?


Гэта фактычна першы беларускі верлібр.Лірычная мініяцюра, але выказанай тут думкі хапіла б на цэлы раман. Твор належыць да філасофскай лірыкі. Спачатку падаецца, што паэт імкнуўся падзяліцца з намі асабістымі перажываннямі.Аднак, калі мець на ўвазе, што верш быў напісаны ў 1915 г. і накіраваны супраць імперыялістычнай вайны, то відавочна: М.Багдановіч выступіў як паэт-гуманіст. Тэма верша- развагі творцы пра сутнасць і мэты існавання, галоўная думка – сцвярджэнне гуманістычнай ідэі міру, яднання, узаемапаразумення людзей. Знішчальнай вайне, якая нясе смерць, паэт супрацьпаставіў вышыню памкненняў чалавецтва на зорным шляху. Вельмі важна, што паэтычная думка выказана верлібрам. Свабодны верш дапамагае перадаць касмічнасць, неабмежаванасць прасторы. Адсутнасць строгай, дакладнай рыфмы нібы падкрэслівае і свабоду рухацца ў гэтай прасторы абраным шляхам. Паэта хвалююць адвечныя пытанні жыцця і смерці, вечнага і часовага, мацярынства, красы і гармоніі, духоўнасці асобы, высокага прызначэння чалавека, каштоўнасці кожнага мігу яго жыцця, напоўненага вялікай духоўнай мэтай.


Жывеш не вечна, чалавек,
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло.
Жыві і цэльнасці шукай,
Аб шыраце духоўнай дбай .


Эпіграфам да верша Багдановіч узяў радок В.Гюго:”Праходзіць, не пакінуўшы нават свайго ценю на сцяне”. Падобнаму прывіднаму існаванню Багдановіч супрацьпастаўляе-у тым жа вершы-свой ідэал чалавечага жыцця, які, не забываючы пра часовасць адведзенага кожнаму тэрміну, усё ж уключае ў сябе, у якасці галоўнай рысы, унутраную інтэнсіўнасць асобы,яе ўменне ўмяшчаць у сябе ўвесь свет:


І ў напружэнні паўнаты
Свайго шырокага жыцця
Без болю ціха зайдзеш ты
У краіну забыцця
(Жывеш не вечна, чалавек…)

 

У асэнсаванні агульначалавечай праблематыкі Максім Багдановіч паўстае як паэт глыбокай філасофскай думкі і высокай мастацкай культуры. Вось пачатак «Эмiграцкай песнi»:

Ёсць на свеце такiя бадзягi,
Што нi вераць нi ў Бога, нi ў чорта.
Iм прыемны стракатыя сцягi
Караблёў акiянскага порта.

I няма iм каго тут пакiнуць,
Бо нiкога на свеце не маюць.
Усё iм роўна: цi жыць, цi загiнуць,-
Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краях незнёмых,
Ды зазнаць там i шчасця i гора,
I загiнуць у хвалях салёных
Белапеннага сiняга мора.


Любіў паэт свой край і ўсе сілы душы аддаў яму. Не разменьваўся на тэмы, якія ляжалі па-за межамі гэтай галоўнай любві..
Гэта напамінак аб жахлiвых супярэчнасцях, трагiчным адваротным баку жыцця, у прыватнасцi жыцця нацыянальна-беларускага:


Але мы – не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба.
Не рассталiся б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у iм хлеба.

I на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруцiўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
I агнi партавыя Лiбавы.


З порта Лiбава адплывалi параходы з «жывым таварам» – беззямельнымi беларускiмi сялянамi. Некаторыя з iх траплялi нават у Конга. “Эмiгранцкая песня" напiсана у 1914 годзе. Сёмага сакавiка 1914 года газета “Наша нiва” надрукавала артыкул пра лёс беларускiх эмiгрантаў: “Беларусы, на ганьбу XX стагоддзю… замянiлi сабой чарнаскурых нявольнiкаў… Як тых прадавалi некалi, сiлай перавозячы ў Амерыку, так цяпер робяць з беларусамi”. Для нас, чытачоў Багдановiча, “Эмiгранцкая песня” вельмi цiкавая i як пераканаўчы доказ пераходу паэта “з глебы псiхалагiчнай (кажучы словамi Салтыкова-Шчадрына) на глебу грамадскую”. Дакладней, як доказ таго, што гэты пераход у яго творчасцi няспынна паглыбляўся, рабiўся ўсё больш “асабiстым”, эмацыянальным, а ў мастацкiх адносiнах усё больш уражлiва-дзейсным.
. Яго грамадзянска-патрыятычныя вершы арганічна ўліваюцца ў магутную плынь беларускай патрыятычнай лірыкі, выдатныя ўзоры якой давалі Я. Купала, Я. Колас, Цётка. Ужо раннія вершы М. Багдановіча (“Прыйдзе вясна”, “Мае песні”, “З песняў беларускага мужыка”), датаваныя 1908—1909 гг., нясуць у сабе значны грамадскі змест, яны напоўнены думай аб лёсе народным і чалавечым, аб часе і аб сабе.


А як родную згадаю старану,
Як згадаю яе беднасць і нуду,—
Сэрца сціснецца, і я пяяць пачну,—
Мо душу хоць трохі гэтым адвяду.
Грозна песня разліваецца, грыміць,
Долю горкую, мужыцкую кляне,
Бо нявідзімы ланцуг на іх вісіць,
Бо ім цяжка жыць у роднай старане .


Верш “З песняў беларускага мужыка” пабудаваны ў форме маналагічнага выказвання героя. Чалавек працы, беларускі мужык, задумаўся над сваёй доляй, над сваім месцам у жыцці. Гэта сумная аповесць, расказаная ад першай асобы; у ёй вялікі абагульняючы сэнс. Гэта той выпадак, калі паэт перадае свой голас герою—мужыку. Ад гэтага верш становіцца яшчэ больш пераканаўчым, ён сведчыць аб узросшай свядомасці селяніна, які ведае ўжо, што праўда схавана ад яго за сямю замкамі, а пра шчасце ён можа толькі сніць. Доля мужыка — праца, цяжкая, знясільваючая, беспрасветная...


Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком'я
Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў над пяском, над дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук,
І не прыйдзецца мне пад зямлёю
Гэтых чорных саромецца рук.
А канаць ужо час: пот і слёзы
Мне жыццё, нібы мышы, грызуць;
Гора гне, як мяцеліца лозы,
Цэлы век не дае мне дыхнуць...


Трагічныя матывы чутны тут даволі выразна. Настроі грамадзянскага смутку паглыбіліся ў перыяд рэакцыі. Але побач з тугой і жальбай у вершы адчуваецца гордасць чалавека за свае мазолістыя рукі, усведамленне сваёй чалавечай годнасці. У падтэксце верша чуюцца абвінавачанне і пратэст супраць несправядлівых грамадскіх парадкаў.
Інтанацыі смутку і тугі чуваць у вершах “Над магілай мужыка”, “Доля мужыка”. У паэта нават узнікае дапушчэнне, што жыццё ідзе па кругу, пярсцёнкам, і што чалавек, прайшоўшы свой жыццёвы круг, нараджаецца зноў “у краіне забыцця”. Часам з'яўляюцца ноты расчаравання і безнадзейнасці (“Шмат у нашым жыцці ёсць дарог”). А побач з гэтым у творчасці
М. Багдановіча нараджаюцца і гучаць усё мацней матывы змагання і класавай нянавісці. Многа гавораць самі тэрміны (паны, багацеі, крыўдзіцелі народа), якімі насычана лексіка яго твораў. Паміж багатымі і беднымі ніколі не можа быць згоды і прымірэння, наадварот, сцяна супярэчнасцей увесь час расце і нарэшце рухне, пахавае пад сабой крыўдзіцеляў-паноў, адкрые бедным святло і прастор.
3 асобных крынічак і вытокаў, з усяе творчасці паэта вырастае тэма народа і радзімы. “Народ, Беларускі Народ!”, “Краю мой родны! Як выкляты богам...” — гэтыя праграмныя вершы яго з'яўляюцца творамі вялікай абагульняючай сілы.
Аб родным краі напісана ў М. Багдановіча многа. Творы аб народзе, аб неабходнасці змагання за яго лепшую будучыню, аб грамадзянскіх пачуццях чалавека —гэта ўсё творы аб радзіме ў шырокім разуменні гэтага слова. Сюды ўключаецца і прыродаапісальная лірыка, і вершы, створаныя на аснове фальклорыых матываў, аб звычаях, абрадах і характэрных псіхалагічных рысах працоўнага чалавека-беларуса. Глыбокая любоў да радзімы і шчырая адданасць ёй чуюцца ў гэтых творах паэта. Ён услаўляе гаючую сілу роднага паветра і чыстай крынічнай вады, што ёсць у родным краі. Ен любіць свой народ і кліча да самаадданай працы дзеля яго карысці і ўзвышэння. Паэт стварае песню-думу аб родным краі, якая па агульнаму свайму тону нагадвае “Размышлення у парадного подъезда” Някрасава. “Краю мой родны! Як выкляты богам...” — ужо ў загалоўку чуецца стогн. Інтанацыя смутку і жальбы праходзіць і праз увесь яго тэкст.

Поруч раскідалісь родныя вёскі.
Жалем сціскаюцца грудзі—
Бедныя хаткі, таполі, бярозкі,
Усюды панурыя людзі...
..У гутарках-казках аб шчасці, аб згодзе
Сэрца навін не пачуе.
Сціснула гора дыханне ў народзе,
Гора усюды пануе.
Хваляй шырокай разлілась, як мора,
Родны наш край затапіла.

Верш вызначаецца спеласцю думкі, ён арганічна звязаны з астатнімі творамі М. Багдановіча аб родным краі. Форма маналагічнага выказвання, непасрэдны зварот да роднага краю дазваляюць паэту насыціць верш глыбокім асабістым пачуццём і разам з тым даць значнае абагульненне. Верш “Краю мой родны! Як выкляты богам...” стройны, адзіны па вобразнай сістэме і будове. Паэт бачыць непрыдатныя прыродныя ўмовы краю (хмары, балоты), беднасць і ўбогасць дарэвалюцыйнай беларускай вёскі, аднастайнасць вясковых пейзажаў, з болем у сэрцы гаворыць аб панурай маўклівасці яе жыхароў. Невыносны цяжар ляжыць на іх плячах, гняце, накладвае цень пакуты на аблічча людзей і ўсяго краю. У абагульненым вобразе людзей, працаўнікоў і пакутнікаў, вылучаюцца “чорныя рукі”, якія не ведалі спагады і адпачынку, “моцныя спіны”, што вынеслі вялікі цяжар жыцця і загартаваліся ў бядзе і змаганні.
Такія ж, як і жыццё, поўныя смутку і жальбы, песні, гутаркі-казкі беларусаў аб нядолі, аб няшчасным каханні, сімвалам якога з'яўляецца горкая каліна. 3 асобных тэматычна блізкіх матываў верша вырастае адзін асноўны, дамінуючы — матыў аб горы, што, нібыта мора, разлілося ў народзе і затапіла ўвесь край.І задача сыноў-патрыётаў не аплакваць гора, а змагчы яго, адужаць. Але тут не катэгарычны заклік у канцы верша, а зварот да свядомасці, імкненне прабудзіць лепшыя грамадзянскія якасці ў чалавека.
Брацця! Ці зможам грамадскае гора?
Брацця! Ці хваце нам сілы?!
Многія вершы з сацыяльнай праблематыкай аб'яднаны аўтарам у цыкле “Думы”: “Рушымся, брацця, хутчэй”, “Кінь вечны плач свой аб старонцы!” і інш. Яны гавораць аб “грамадскім горы”, аб неўладкаванасці жыцця бедакоў і непамернай раскошы багатых. Супярэчнасці паміж імі не змяншаюцца з цягам часу, а ўсё больш растуць і абвастраюцца. У значэнні сацыяльнай сцяны, што падзяліла грамадства на два супрацьлеглыя лагеры — бедных і багатых,— выступаюць у творчасці М. Багдановіча і межы (“Мяжы”, 1914 г.), якія паглыбілі гэты падзел, прайшлі між людзьмі саслоўнымі, прававымі, дзяржаўнымі, рэлігійнымі рубяжамі. У такіх умовах чалавек адчуваў сябе самотна, безабаронна. ён адгароджваўся ад усіх высокімі парканамі, “мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век, хаваўся ў іх, як ліс у норы, і жыў пужліва сам —адзін”.. Межы — і сімвал дысгарманічнасці чалавечага жыцця. Яны падзялілі "вольныя прасторы зямлі", давялі людзей да галечы, зласлівасці, бессардэчнасці, хцівасці, пазбавілі іх шчасця, радасці свабодна карыстацца багаццем і красой прыроды:


Глядзі: па ўсёй зямлі святой
Шырокай хваляй залатой
Без краю блішча збожжа мора,
Цвітуць лугі, шумяць лясы...
Так многа ёсць паўсюль багацтва і красы,
А людзі нішчацца у голадзе, у зморы
Ад беднаты, ад цемнаты,
Бо скрозь — мяжы, бо скрозь — платы .

Разам з тым вельмі моцна гучыць у творы тэма хараства свету, услаўлення чалавека працы. Працавітымі рукамі яго створана ўсё прыгожае і значнае на зямлі .У рамантычных вобразах буры і ўсхваляванага мора малявалі сілы рэвалюцыі і іншыя беларускія паэты—Купала, Цётка.
Вершы-звароты, вершы-заклікі (“Кінь вечны плач свой аб старонцы!”, “Рушымся, брацця, хутчэй”) сведчаць аб актыўнасці паэта ў грамадстве, бо, як вядома, слова паэта — яго справа. Празрыстую алегорыю з канкрэтным падтэкстам і заклікам знаходзім у вершы, які сцвярджае, што ў рэвалюцыйнай буры адбываецца крышталізацыя людзей:


Устань, навальніца, мкні нанова,
Узвый, вецер, з ёю заадно!
У віхры уляціць палова,
Пакіне чыстае зярно .


Паэт верыць у новую навальніцу, у прыход “залацістага, яснага” дня краіны, бо праз хмары і ноч прабіваецца золак світання.
У вершах “Беларусь, твой народ дачакаецца”, “Ты не згаснеш, ясная зараначка” паэт дае мастацкі вобраз, адзіны па свайму характару; тут упадабненне грамадскіх з'яў да з'яў прыроды. Паэт сцвярджае, што пасля цёмнай ночы паступіць светлы дзень. І чым цямнейшай была ноч, тым больш жаданым і больш прыгожым будзе ранне.
Чаканне і прадчуванне гэтага новага, светлага дня заўважаем у многіх творах М. Багдановіча. Але гэта не пасіўнае чаканне. Есць тут і ўсведамленне неабходнасці барацьбы і ахвяр дзеля вызвалення сваёй Бацькаўшчыны. Гэтыя матывы выказаны ў форме разгорнутага паралелізму, традыцыйпага прыёму народнай творчасці. У вершы “Зразаюць галіны...” таполя без скаргі аддае зразаць свае галіны,


Бо смерць іх патрэбпа, каб дзерава новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.
Таварышы-брацця! Калі наша родзіна-маць
У змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы,—
Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй аддаць,
Без скаргі палеч у магілы?!


Прырода абнаўляецца натуральна з кожнай вясной, а ў грамадстве інакш: грамадзянская актыўнасць сыноў-патрыётаў, гатоўнасць да барацьбы выступае на першы план. Без гэтага не зможа развівацца новай вясной “дрэва жыцця”. Як за зімой непазбежна прыходзіць вясна ў прыродзе, так павінны прыйсці пасля зацішша і спаду новы ўздым і абнаўленне і ў грамадскім жыцці. Такі вобраз-паралель можна сустрэць і ў іншых беларускіх паэтаў, але ў М. Багдановіча ён выкарыстан па-свойму, ва ўласцівай толькі яму паэтычнай манеры.
Не катэгарычны заклік, а зварот да грамадскай свядомасці, клопат аб тым, каб ідэя змагання пранікла ў глыбіні пачуцця і кіравала ўсімі ўчынкамі, бачым у многіх творах М. Багдановіча на сацыяльна-грамадскія тэмы.
Праблемы сацыяльна-грамадскія ў паэзіі М. Багдановіча цесна пераплятаюцца з праблемамі маральнымі, этычнымі, з роздумам над грамадскай сутнасцю чалавека і яго сувязямі з маці-радзімай. Дзеля яе выратавання і лепшай долі сапраўдны грамадзянін і чалавек ахвяруе асабістым шчасцем і ўласным жыццём. І робіць гэта без скаргі, стрымана, мужна. М. Багдановіч адстойвае права кожнага чалавека праяўляць сваё дараванне, права народа мець сваю культуру, нацыянальную мову, палітычную свабоду. 3 яго паасобных вершаў вырастае абагульнены вобраз беларускага народа, таленавітага і бяспраўнага, які на працягу стагоддзяў прыгнятаўся, але захаваў жывую душу, шчырую сваю песню і любоў да Бацькаўшчыны.
Не спакойным назіральнікам ці этнографам выступае паэт у сваіх грамадзянскіх вершах, а народным заступнікам. ён непасрэдна звяртаецца да свайго народа з шчырымі словамі спачування і закліку.


Народ, Беларускі Народ!
Ты — цёмны, сляпы, быццам крот,
Табою ўсягды пагарджалі,
Цябе не пушчалі з ярма
І душу тваю абакралі,—
У ёй нават мовы няма.
Збудзіўшысь ад грознай бяды,
Увесь поўны смяротпай жуды,
Ты крыкнуць не вольны «Ратуйце!»


Перш, чым сказаць “цёмны, сляпы, быццам крот”, перш, чым дайсці ў самазнішчальнай любові амаль да нянавісці, да выкліку, паэт піша з вялікіхлітараў Беларускі Народ. Гэтым падкрэслівае яго дзяржаўнасць,яго старадаўнасць, яго спаконвечную веліч.
Верш “Як Базыль у паходзе канаў” напісаны ў 1915 г., калі ішла імперыялістычная вайна і салдаты гінулі на чужой старане, у далёкіх паходах. Па стылю і тону ён нагадвае народныя прычытанні. У ім чуюцца смутак і жаль па мужнаму чалавеку, які памірае заўчасна і ў поўнай адзіноце. Фальклор вядзе паэта ў глыбіню гісторыі, дае магчымасць выявіць тыпы і характары народных герояў. Ідзе вайна, і паэт проста не можа абмінуць гераічныя характары. Бо і беларусы гінулі ў першай сусветнай вайне,праяўлялі мужнасць, адвагу. Верш “Як Базыль у паходзе канаў”, быў змешчаны ў “Нашай ніве”, якая яшчэ працягвала выходзіць. Ён заснаван цалкам на інтанацыях фальклорных пахавальных і рэкруцкіх песень, перад намі паўстае вобраз паміраючага салдата-беларуса”. Мы не знаходзім у паэзіі Багдановіча перыяду першай сусветнай вайны матываў пракляцця вайне, як гэта было, напрыклад, у Бядулі. Ёсць смутак, плач, адчай, але пракляцця няма, як не было яго, скажам, у А. Блока, А. Талстога, С. Ясеніна. Тут зусім іншае ўспрыманне смерці героя:— Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь,Уся староначка бяздольная!Не забыў твой сын сваёй маці,За цябе ў зямлі яму ляжаці.
Гэтая песня-балада належыць да сапраўдных перлаў мастацтва на гераiчную тэму. Гераiчны вобраз”вынесены” за рамкi канкрэтнай гiстарычнай рэальнасцi – першай сусветнай вайны (хоць Багдановiч, як сведчыць яго публiцыстыка, разумеў прагрэсiўнасць адной з яе задач – вызваленне славянскiх народаў, iх нацыянальнае самавызначэнне), ён набыў былiнны, абагулены воблiк сялянскага рыцара, адвечнага абаронцы сваёй Бацькаўшчыны. Разам з тым у iм няма абстрактнага, туманнага алегарызму: Базыль – рэальны беларус, хлебароб, арганiчна злiтаваны з роднай зямлёй – развiтваецца з жывой рэальнасцю сялянскага побыту: – Вы прашчайце, прашчайце, шнуры, // Вы прашчайце, негараныя! // Мне вас болi ўжо не гараць, // Буйным збожжам на зары не засеваць… Развiтваецца з ”цёмным лугам” i са ”шчырым борам”, з сямейкай i з сябрамi. I апошнi паклон-развiтанне: – Гэй, чалом табе, чалом, Беларусь, // Уся староначка бяздольная! // Не забыў твой сын сваёй мацi, // За цябе ў зямлi яму ляжацi…” Адсюль і кампазіцыя верша — кальцавая. У пачатку яго і ў канцы паўтараецца з усёй дакладнасцю адно і тое ж двухрадкоўе:


Як Базыль у паходзе канаў,
Усё старонку сваю спамінаў.


Сярод твораў, прысвечаных радзіме, вылучаецца цыкл вершаў "Старая Беларусь", звернутых да нацыянальнай гісторыі народа, яго культуры, мастацтва. У эпічных вобразах першых беларускіх асветнікаў-гуманістаў далёкай мінулай эпохі — летапісца, перапісчыка, Скарыны, музыкі, слуцкіх ткачых — уваскрашаюцца векапомныя старонкі старажытнай культуры Беларусі, усё тое, што народ захаваў у сваёй памяці, што было, ёсць і будзе яго нацыянальным багаццем; услаўляюцца таленавітасць народа, яго любоў да радзімы і волі.
Багдановіч – першы беларускі паэт, якому ўдалося стварыць цалкам рэалістычны вобраз часу, цэласную карціну аддалёнай эпохі ва ўсёй канкрэтнай прадметнасці яе асаблівасці і прыкмет. М. Багдановіч уваскрашае старонкі мінулага Беларусі ў вершах “Перапісчык”, “Летапісец”, “Кніга”, “Безнадзейнасць”, “Слуцкія ткачыхі”.
Верш Багдановіча “Перапісчык”:


На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі,
Чырвоную страку; усякімі цвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў
І птах нявіданых, спляценнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь – даволі ёсць знароўкі –
Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі
І загалоўкі ўсе,- няма куды спяшыць!
Парой ён спыніцца, каб лепей загастрыць
Пяро гусінае, і гляне: светла сонца
Стаўпамі падае праз вузкае аконца,
І круціцца ў іх прыгожы легкі пыл;
Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,
Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі
У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,
Як жар гарашчымі, а тут, каля акна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
І зноў ен хіліцца, застаўку зноў выводзіць
Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць;
Ўжо хутка ноч, і першая звязда
Благаславіць канец прыгожага труда.

Тут далёкае мінулае- жыццё. Трапяткое, жывое. Нявыдуманае жыццё. Мы бачым і адчуваем яго, мы дыхаем яго паветрам, і ўсё гэта неад’емна наша: і сонца,што свеціць праз вузкае акенца келлі, і бліскучыя царкоўныя купалы, і ластаўка, і малінаўка, і жаўна.
А кроўна нашым усё гэта магло стаць толькі дзякуючы таму, што ва ўсю гэту чароўнасць ціхага, спакойна размеранага жыцця да нас і дзеля нас ужыўся мастак з фантазіяй, з сэрцам, з дакладным веданнем людзей, побыту, культуры мінулай, далёкай эпохі.
Ён, Багдановіч, увесь там, увесь адтуль. Ён, мабыць, самога сябе ўявіў на месцы таго перапісчыка, што схіліўся над чыстым аркушам “прад вузенькім акном”. І не проста жыццё ў тым, пра што расказвае паэт, але і адкрыццё жыцця, захапленне ім. Дзіва што, перад намі ж 16-е стагоддзе! Адраджэнне з яго пільнай цікавасцю да прыроды, да зямнога свету, як бы нанова адкрытага для чалавека, які толькі нядаўна вырваўся з палону рэлігійнай схаластыкі.
“Перапісчык” Багдановіча – “краёвае”, “перыферыйнае” дзіця Адраджэння, і справа яго радасная,як вясёлая малінаўка над белай царквою, як першая зорка, што бласлаўляе”прыгожы труд”.
“Перапісчыку” папярэднічае ў кнізе “Вянок”, блізкі яму па думцы і стылю верш пра летапісца, які ў манастыры “чацвёрты піша год” летапіс “пра долю Магілёва”, пра “добрыя яго і кепскія дзяла”. Звернем увагу на такую рэнесансную падрабязнасць псіхалогіі беларускага летапісца 16-га стагоддзя: жывучы і працуючы ў манастырскім пустэльніцтве, ён думкай сягае ў агромністы свет, ён бачыць мора за даглядам, караблі, што гінуць у марскіх бяздоннях; пра летапіс і пра нашчадкаў , якія будуць яго чытаць, ён гаворыць словамі, поўнымі “нетутэйшай” рамантыкі вандраванняў і смяртэльнай рызыкі:

Так мора сіняе прымчыць да нас вадой
Бутэльку к берагу, аблітую смалой,
Ўсю ў дробных ракаўках і ў ціне. Не замала
Яна была ў вадзе і шмат чаго спаткала.
Рыбалкі вылавяць бутэльку, разаб’юць,
І, як трапляецца, быць мо ў ёй знайдуць
Ліста. Па звычаю марскому гэдак весці
Нам, утапаючы, шлюць людзі. У моры гдзесьці
Загінулі яны, і, можа, соткі год
З тых часоў працяклі, і згінуў іх народ,
І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі.
Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі!

Падвіжніцкая, ціхая праца летапісца паказана ў яго ж, летапісца, уласным успрыманні. У гэтай працы натхненне, спакой, стомленнасць і, галоўнае, пачуццё абавязку перад нашчадкамі, пачуццё непарушнага адзінства з тымі, каму гэта праца спатрэбіцца, каб не распалася сувязь пакаленняў і часоў у іх, нашчадкаў, уяўленнях аб радзіме:

...Так рупная пчала
Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак.
І бачанаму ім – ён годны веры сведак.
Што тут чыніліся ў даўнія гады,
Што думалі, аб чым спрачаліся тады,
За што змагаліся, як баранілі веру,-
Узнаюць гэта ўсё патомкі праз паперу!

А далей, разважаючы пра свой летапіс, летапісец параўноўвае яго, як мы ўжо ведаем, з весткай аб тых, хто пацярпелі караблекрушэнне на моры: “Загінулі яны, і, можа, сотні год з тых часоў працяклі, і згінуў іх народ...”.
“...І, можа... згінуў іх народ...” – разважае беларускі Пімен-летапісец. І ўяўляесябе рыбаком у будучых стагоддзях, да якога прыплыла “...аблітая смалой, уся ў дробных ракаўках і ціне” бутэлька з пісьмом ад першаадкрывальнікаў, якія “ў моры дзесьці “ няўлоўна нагадвае таго рыбака:
Псалтыр, пакрытую няжорсткай, бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў...

Такая старая Беларусь Багдановіча: прыгонныя ткачыхі, пад прымусам узятыя ў панскі двор, перапісчык, схілены над скураным лістом, летапісец ў манастыры. Ен паэтызуе славутага нашага продка першадрукара Скарыну, які “ў доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры”.
. Перад усім Францыск Скарына “із славного града Полоцка”, які атрымаў у Падуанскім універсітэце ў 1512 годзе званне “доктар лекарскіх навук”, у 1517-1520 гадах выдаў у Празе пераклады ўсіх, за выключэннем двух, біблейскіх кніг, а ў 1525 годзе ў Вільні “Апостала” – першую друкаваную кнігу ў Беларусі.
Скарына – цэнтральная фігура беларускага Адраджэння. І відаць, не без дапамогі Скарыны, не без уплыву яго вялікага прыкладу служэння роднай культуры і мове адбывалася ў паэце і чалавеку зусім іншага часу ўнутраная работа далучэння да пазаасабістых аб’ектыўна-гістарычных каштоўнасцей, работа, адной з праяў якой і была “Старая Беларусь”. Выведзены ў гэтым цыкле вобраз Скарыны, які сузірае вечнае і агульнае для ўсіх начное неба, быў для Багдановіча ў нейкай меры вобразам лірычным, у тым сэнсе, што ён “лячыў” і яго, паэта, безнадзейнасць, яго “Беды і немощи”.
І летапісец, і перапісчык, і Скарына цалкам належаць свайму часу, рэчаіснасці, здатнай да аб’ектыўна-рэалістычнага самапраяўлення і самаразвіцця
Паэта вабяць людзі мінулага, прыгонныя ткачыхі, іх усамапачуванне і ўмельства. Паэт жыў у Расіі, вакол яго прыгожа красавалі кветкі блізкай яму, але не роднай культуры. Ён ведаў яе, але заставаўся самотным, пакуль не прыкмеціў “забыты ў цяні васілёк” – сімвал Беларусі, роднай мовы і культуры. А ўспомніўшы “ў багатай чужыне” сваю “бедную, далёкую” старонку, аддаў жыццё сваё дзеля яе адраджэння і духоўнага ўзбагачэння. Урэшце, і не патрэбны ў полі зроку утылітарнай свядомасці васілёк у жыце меў яшчэ для нашага паэта іншы, агульначалавечы сімвалічны сэнс, пазначаў мастацкія і духоўныя каштоўнасці наогул. Так спакваля ўзнікала трохчасткавая паэтычная “ саната васілька”.
У лірычным шэдэўры “Слуцкія ткачыхі” паэтычны сімвал пераносіцца ў таямніцу суб’ектыўнай душы таленавітых жанчын-мастачак, якія ткалі славутыя на ўвесь свет залатыя паясы
Паводле беларускіх народных традыцый, ткацтва – спрадвечна жаночая справа.. (З гісторыі мы ведаем, што ткачы перыяду мануфактурнай вытворчасці – пераважна мужчыны, а ткачы слуцкіх паясоў былі яшчэ і ювелірамі). Вобраз мужчыны-ткача не стварыў бы таго лірычнага драматызму, якой дасягнуў М. Багдановіч з першых радкоў сваёй песні: “Ад родных ніў, ад роднай хаты // У панскі двор дзеля красы // Яны, бяздольныя ,узяты // Ткаць залатыя паясы”. А яшчэ паэт імкнуўся стварыць тут сардэчна-душэўны, лірыка-мастацкі вобраз Бацькаўшчыны, а не той яе духоўна-гераічны і мужны пачатак, які так узнёсла загучаў пазней у гімне “Пагоня”. За доўгія часіны ў панскім двары, ткучы “шырокія тканіны на лад персідскі”, ткачыхі забывалі свае “дзявочыя сны”. Але думкі міжволі мкнуліся “Туды, дзе расцвіла вясна; // Дзе блішча збожжа ў яснай далі, // Сінеюць міла васількі...”. І вось адпалі класічныя каноны: “І тчэ, забыўшыся, рука // Заміж персідскага ўзора, // Цвяток радзімы васілька”.
Сакрэт майстэрства паэта – у арганічнай знітаванасці сардэчнага і чыстага лірызму з сімвалічным метафарызмам.
Звароты Багдановіча да мастацтва разнастайныя па зместу і глыбіні ўнутраных стымулаў. Многае тут ішло ад жадання “адукаваць” народную глебу, гвалтам адарваную ад агульначалавечай культуры. Любіў паэт свой край і ўсе сілы душы аддаў яму. Не разменьваўся на тэмы, якія ляжалі па-за межамі гэтай галоўнай любві.
Слуцкія паясы паэт упершыню ўбачыў у музеі Івана Луцкевіча. І як бы наступіла паэтычнае азарэнне. Калі тут, на зямлі Беларусі, людзі здольны стварыць такое хараство, то гэта край выдатны,таленавіты. Паэт ведаў, што паясы ткалі пераважна мужчыны, для гэтага некаторых з іх пасылалі вучыцца рамяству ў Персію. Але ён дзеля паэтычнай ісціны, якая глыбей за рэальны факт, ігнаруе гэту акалічнасць.У вершы “Слуцкія ткачыхі” Багдановіч, як і ў некаторых папярэдніх, паўстае ў вобразе паэта-дэмакрата, які спачувае працоўнаму народу, яго нягодам, незайздроснаму лёсу і ў той жа час лічыць народ носьбітам і стваральнікам усяго прыгожага і каштоўнага на зямлі.Зноў дзіўны падбор гукаў і фарбаў. Такі светлы, можна нават сказаць “святы” верш магла напісаць толькі рука геніяльнага паэта. Ніводнай лішняй дэталі, слова, якое б не працавала на ідэю верша. А ідэя — прыгажосць, вабнасць, воблік роднага краю, лепшага за які няма на свеце.Хоць людзі краю не гаспадары свайго лёсу, найміты, прыгонныя:


Ад родных ніў. ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы...


Але нават у паднявольным жыцці ёсць светлыя імгненні і хвіліны. Бо заўсёды свеціць сонца, неба, каласіцца збожжа, а ў ім міла сінеюць васількі. Васілёк — нібы сімвал роднага краю. Хоць ён у жыце фактычна пустазелле, але сялянская рука ніколі яго не вырве. Бо чалавек зямлі таксама адчувае прыгажосць. 3 васількоў уюць вянкі, сціплая кветка радуе, нават натхняе. Разумная мэтазгоднасць у дадзеным выпадку як бы саступае месца адчуванню прыгожага.”Красу і светласць, і прастор шукаў...” — словы гэтыя з трыялета “С. Палуяну” можна дапасаваць да ткачых, што, “дзявочыя забыўшы сны”, ткуць прыгожыя, але чужыя ўзоры.І як маланка ўспыхвае метафара:


І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага ўзора,
Цвяток радзімы васілька.


Бо краса — гэта радзіма, яе краявіды, “дзе блішча збожжа ў яснай далі”, “сінеюць міла васількі”, халоднае срэбра рачных хваляў, зубчаты край бору.У Багдановіча вобразы канкрэтныя, малюнак вызначаецца прадметнасцю. І ў гэтым вершы, нібы сатканым з сонечных промняў, блікаў святла, паэт стварае дакладную каляровую і гукавую гаму. Эпітэты, метафары ў вершы адчувальныя, прадметныя. Услухаемся ў гукавы лад верша і ледзь улоўна пачуем торганне кроснаў, стук бёрда. Тэма сэнсавая, як часта бачым у паэта, супадае з тэмай музычнай. Ступіўшы на беларускую зямлю, Багдановіч нібы набывае новыя якасці як паэт. Мяняецца , і даволі прыкметна , яго почырк, стыль. Дзіва няма: у паэта з'яўляецца трывалы грунт, апора. Раней ён уяўляў родны край толькі ў марах, снах, родная мова звінела толькі ў душы паэта, гэтак жа як песня, як інтанацыі беларускай гутаркі. Цяпер Беларусь ён бачыў увачавідкі, хадзіў па яе зямлі, чуў шум бору, свіст ветру, шолахі вечароў, начэй.Паэт — медыум, пасрэднік. Асабліва такі чулы на нюансы, найтанчэйшыя адценні пачуццяў, рухаў душы, якім быў Максім Багдановіч. Можам са значнай доляй упэўненасці сцвярджаць, што не было і няма ў беларускай літаратуры паэта, які б здолеў напісаць штосьці падобнае да “Слуцкіх ткачых”. Бо верш — гэта тонкая вібрацыя душы, пачуцця, думкі, разгорнутая метафара. Паэту дастаткова было паглядзець на слуцкія паясы, на іх адметнасць, выключную прыгажосць, як імгненна нарадзілася задума. Бо ўсё, як пісаў паэт, праўда, у другім выпадку — “выдумка маёй галавы”.
Верш “Слуцкія ткачыхі” мае высокае патрыятычнае гучанне. Ёсць кітайскі фарфор, які славіцца ў свеце, дамаская сталь, валагодскія карункі, тульскія пернікі, а ёсць слуцкія паясы, слава пра якія ідзе па свеце. Паэзія, проза, драматургія нараджаюцца з адчування канкрэтнага кавалка зямлі, мясцовасці, асяроддзя. Паэт выказвае тое, што падсвядома адчуў. Звычайны жытнёвы васілёк з'яўляецца сімвалам роднай красы, народнай самабытнасці і незалежнасці . Чалавечнасць, задушэўны лірызм—асноўныя якасці верша “Слуцкія ткачыхі”, лепшага ўзору песеннай лірыкі М. Багдановіча. Як і многія іншыя творы паэта, ён пакладзены на музыку.
Нацыянальна-гістарычная праблематыка набывае выключна важнае значэнне ў творчасці М. Багдановіча, у яго поглядах на мінулае, сучаснае і будучае краіны, у якой ёсць свае традыцыі і здабыткі. Але не толькі гісторыя культуры сама па сабе паланіла ўвагу паэта. Яго цікавіць шырокая праблема таленавітасці народа, нарадзіўшага доктара навук Скарыну, майстроў, што ткалі слуцкія паясы. і людзей, якія калектыўна стварылі іскрысты танец “Лявоніху”, трагічную легенду пра Страціма-лебедзя і жартоўную песню пра жаніцьбу і смерць няўдачніка-камара. Таленавітасць, любоў да бацькаўшчыны і свабоды, высокая мараль і чалавечнасць — гэтыя сапраўдныя каштоўнасці жывуць у народзе і складаюць яго веліч і сілу.
Дастаткова пабачыць мясціну, якая спадабалася, запала ў душу, а сюжэт —лірычны ці нават складана-псіхалагічны — прыдумаецца па якой-небудзь адной яркай дэталі.Мяжа, што аддзяляе Багдановіча, які жыў у адрыве ад Беларусі і які, нарэшце, Беларусь пабачыў, вельмі выразная. Найбольш характарызуюць новы воблік Багдановіча цыклы вершаў “Старая Беларусь” і “Места”.
Мы мала ведаем, якія мясціны на Беларусі паэт наведаў. Быў у Вільні, Маладзечне, Ракуцёўшчыне. Відаць, рабіў вандроўкі па ваколіцах. Ехаў па чыгунцы і — няма сумнення — углядаўся ў краявіды, якія адкрываліся вачам. Для вялікага паэта, усёй істотай закаханага ў родную зямлю, і гэтага хапіла. Максім Багдановіч адчуў, калі можна сказаць так, гістарычнасць роднай зямлі. У гэтым сэнсе ён быў начытаны, ведаў многа пра мінулае Беларусі. Але адна справа —ведаць пра што-небудзь з кніг, і зусім іншая — пабачыць на ўласныя вочы. Пасля наведвання Беларусі характар паэзіі Багдановіча ў некаторай ступені мяняецца. У ёй з'яўляецца больш эпічных элементаў, хоць яны, вядома,сагрэты, наскрозь прасякнуты лірычным пачуццём. Высока ўздымаецца Багдановіч, паказваючы сябе з новага, незнаёмага боку ў цыклах “Старая Беларусь” і “Места”. Справа не ў тым, што паэт уласнымі вачыма зірнуў на родны край, пахадзіў па яго зямлі, падыхаў паветрам радзімы. Тут эфект двайнога ўражання. Пра Беларусь паэт шмат ведаў ад бацькі, вопытнага этнографа, ад родных цётак, якія ў Ніжнім Ноўгарадзе нібы стварылі невялікую “беларускую калонію”, ад гімназічных настаўнікаў Кабанава і Белавусава, нарэшце з дзесяткаў кніг, якія “праглынуў”. Бо ўжо ў старэйшых класах Ніжагародскай гімназіі паэт чытае “Нашу ніву”, іншыя беларускія выданні.І вось гэтыя ўражанні накладваюцца на ўбачанае, адчутае ім на роднай зямлі. Захапленне радзімай, яе гісторыяй, старажытнай культурай узмацняецца. Паэт адчувае сябе кроўна далучаным да ўсяго гэтага. Таму нібы аглушальны выбух — вершы “Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец”,”Кніга”.
Матыў, тэма верша, карацей, яго змест, узятыя ў шматлікіх кантэкстах, у тым ліку гістарычным, культуралагічным, дыктуюць паэту музыку, інтанацыю, якая інтуітыўна нараджаецца ў яго душы. Толькі ў паэта і ні ў кога іншага. Бо паэтам трэба нарадзіцца, навучыцца паэтычнаму майстэрству нельга.
Адной з вяршыняў грамадзянска-публіцыстычнай лірыкі Максіма Багдановіча з'яўляецца верш "Пагоня"— пра мінуўшчыну і сучаснасць Беларусі. Вобраз "старадаўняй літоўскай Пагоні" асветлены шчырай любоўю паэта да Бацькаўшчыны. Верш уражвае сваім нацыянальна-вызваленчым пафасам, палымянасцю пачуцця, пластычнасцю вобразаў, глыбокім роздумам пра лёс радзімы. Паэт асуджаў рэнегацтва, здраду Бацькаўшчыне, заклікаў скіраваць "духоўныя мячы" супроць тых, хто выракаецца свайго, роднага, хто гатовы аддаць родны край чужынцам.
У аўтографе верша ёсць тлумачэнне аўтара: “У старой Вільні на муру Гострай Брамы высечаны герб мястовы – ваякі на імкнучых конях. Гэты герб Вільня атрымала яшчэ за часы Вялікага Княства Літоўскага, і завецца ён “Літоўскай пагоняй”
“Пагоня” – не подпіс да герба, а зусім новае пераасэнсаванне яго сюжэта адпаведна ўнутраным мэтам Багдановіча як паэта нацыяннальна-патрыятычнага...
Верш поўны жыцця, выяўленага надзвычай інтэнсіўна і ярка, гэтым ён перш за ўсё і бярэ “за жывое”. Прыводзім яго поўнасцю – чаканная завершанасць кампазіцыі і гучання робіць немагчымым якія-небудзь выняткі.

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,-
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях,

Ў белай пене праносяцца коні,-
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць
.
У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі ўздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, маці-краіна!
Не ўсцішыцца гэдакі боль...
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.


Маўклівыя фігуры герба цудоўна “агучаны” фантазіяй паэта, і вось ужо каменныя коні, несучыся наўскач, “срэбнай збруяй далёка грымяць...”. Дзве-тры апавядальныя падрабязнасці, якія звязваюць верш з гарадскім гербам, а далей ужо справа і слова за вымыслам паэтычным, за пачуццём і думкай аўтара, які здолеў так ператварыць зрокавыя ўражанні ва ўражанні слыхавыя, а потым адно і другое – ва ўнутранны душэўны стан, у палымяны публіцыстычны маналог, што мы, чытачы, маем права гаварыць пра цуд сінтэзуючага мастацтва паэзіі, які адбыўся на нашых вачах.
Разнастайны і гнуткі інтанацыйны лад “Пагоні” нясе ў сабе не гатовую думку, а думку, якая фарміруецца ў самім вершы: пытанне да “ваякаў”(“Вы за кім у пагоню спяшыце?”) змяняецца загадкай пра тых “дзяцей” Беларусі, што забылі яе, “адракліся, прадалі і аддалі ў палон”; загадка вядзе суровую інвектыву, грозны заклік з лірычнай, аднак, матывіроўкай(“Хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць”); далей – глыбока пакаянны зварот да радзімы, просьба дазволіць памерці за яе; нарэшце, вяртанне да герба, да “Літоўскай Пагоні”.
“Пагоня” доўга бянтэжыла тых, хто пісаў пра Багдановіча: мастацкая дасканаласць, высокі трагедыйны напал, з аднаго боку, і відавочная аднабаковасць, гіпертрафіраванасць нацыянальнага пачуцця, яго адарванасць ад сацыяльна-гістарычных абставін – з другога. Але не забудземся, што верш напісаны ў 1916 годзе ў Мінску, які пад той час быў захліснуты роспаччу і бядой незлічоных бежанцаў і пагарэльцаў. Гэта бяда яшчэ раз нагадала Беларусі пра яе трагічны лёс быць скрыжаваннем і бальшаком, па якім спрадвеку хадзілі спусташальныя войны.
“Пагоня” – верш не пра вайну, але з перажываннямі вайны яго звязвае многае: і воіны на баявых конях(атрыбуты ваеннай тэмы, не надта ўласцівыя беларускай паэзіі), і “за краіну радзімую жах”, і палон... Вайна абвастрыла і да таго напружанае ў Багдановіча нацыянальна-патрыятычнае пачуццё.

М. Багдановіч адным з першых пачаў уводзіць у нашу літаратуру урбаністычныя матывы. Горад (раздзел “Места” ў зборпіку “Вянок”) выступае ў яго як хавальнік культуры, з шумнымі вуліцамі і людскім натоўпам, з бляскам вітрын і комінамі заводаў. Па-за ўвагай аўтара не засталіся гарадскія ўскраіны, цесныя, крывыя завулкі, глухія, старасвецкія будынкі. Погляд паэта спыняюць “змучаныя твары” людзей і хлопчык-бядняк з шарманкай на гарачым асфальце вуліц. Паэта ўражвае агульны выгляд горада: яго рух “Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!”), бляск (“Ліхтарняў свет у сіняй вышыне...”), кантрасты старыны і сучаснасці. Есць, праўда, і цікавыя падрабязнасці, зрокавыя вобразы: “Ужо відна,як іскры злятаюць з трамвайнага дрота”, “Гараць і агнём машкару к сабе вабяць ліхтарні”, “Ад спёкі пышуць дахі і асфальт”. М. Багдановіч прымае горад, бачыць многа прывабнага ў ім, умее чытаць па яго старасвецкіх будынках гісторыю народа і яго культуры.
Яркія паэтычныя сімвалы і асацыяцыі ляжаць у аснове многіх вершаў М. Багдановіча, прысвечаных тэме бацькаўшчыны, абуджэнню яе магутных духоўных сіл. Побач з санетам з яго свежай і мнагазначнай сімволікай можна назваць верш “Не блішчыць у час змяркання..”. Тут у якасці сімвала выступае каштоўны дыямент, які траціць свае прыродныя ўласцівасці ў час змяркання і ў густой цемры ночы. Але днём у сонечных прамянях зноў заззяе вясёлкавым святлом іскрыста, прыгожа, пераліўна. Нас чаруе і вабіць яго цудоўны бляск.


Так здаецца ў змроку ночы цёмным і народ мой родны,
Бедны і няшчасны;
Але, як устане сонца, ўраз прачнецца дух народны
І засвеціць ясна!


Вобразы сонца, залацістага, яснага дня, яснай зараначкі, каштоўнага дыямента, які не блішчыць у час змяркання, вясны, крыніцы—гэта вобразы абнаўлення жыцця, светлай будучыні, у прыход якой шчыра верыў паэт і, каб прыспешыць яе, напружана працаваў да апошніх сваіх дзён,
3 верай у будучыню ў тон усёй беларускай дэмакратычнай літаратуры таго часу ён пісаў:


Не згасла сонца! Сонца гляне,
Усіх падыме ада сна.
Ён, гэты дзень, яшчэ настане,—
І ачуняе старана!
Я пад яе зімовай маскай —
Пад снегам — бачу твар вясны,
І вее верш мой дзіўнай казкай,
І ясны ён, як зорак сны.


Вера, гістарычны аптымізм уласцівы большасці вершаў М. Багдановіча на грамадска-сацыяльную тэму, якая складае аснову яго паэзіі, дэмакратычнай і народнай па сваёй сутнасці.
У алегарычным вершы “Мне снілася” паэт малюе інтэлігента з народа, сумленнага, неспакойнага. У сне нібыта ўзбіраецца ён вышэй і вышэй да сонца. Але там, уверсе, станавілася яму ўсё халадпей і маркотней. І тады, пануры і стомлены, пайшоў ён.зноў на зямлю з думкаю: “Сонца там хоць і далей, але грэе цяплей”. Жывучы разам з народам, адчуваеш паўнату жыцця, святло і сонца, уверсе ж холадна і пуста. Тут увасоблены і сацыяльныя кантрасты.
Есць у М. Багдановіча трыялет “С. Палуяну”, прысвечаны маладому беларускаму пісьменніку, які не вытрымаў цяжару жыцця, скончыў самагубствам. Глыбокім болем аддалася гэта смерць у чулым сэрцы Максіма, бо не стала чалавека, вельмі патрэбнага жыццю, беларускаму адраджэнню.


...Хоць свет і людны, і шырокі,-—
Ты быў, як месяц, адзінокі.
Красу, і светласць, і прастор
Шукаў...і


Але знайсці “прастор і светласць” у тагачасным жыцці было немагчыма. Здарылася непапраўная трагедыя. Іх было нямала ў народзе.
Сацыяльна-патрыятычная тэма ў творчасці М. Багдановіча ахоплівае розныя аспекты сучаснай яму рэчаіснасці і гісторыі — ад вобразаў роднага краю і народа да паказу прыватнага лёсу людзей рознага стану і веку: беларускага мужыка, слуцкіх ткачых, салдата, знясіленага тугой і галечай інтэлігента. У асобе лірычнага героя, самога паэта, раскрыта высокая таленавітасць нашага народа, багаты духоўны свет перадавога прадстаўніка маладой беларускай пацыі, гатовага самааддана служыць росквіту яе культуры і навукі.
У распрацоўцы сацыяльна-палітычнай тэмы М. Багдановіч быў салідарны з Я. Купалам і Я. Коласам, прыходзіў самастойна да тых жа ідэй і вывадаў, якія былі ў творчасці народных песняроў. Грамадзянскія матывы ў яго паэзіі гучалі моцна і выразна. Сыноўнія патрыятычныя пачуцці ляжалі ў аснове ўсёй яго шматграннай дзейнасці.
Свой абавязак перад народам і ўласным сумленнем паэт паспеў выканаць да канца. Можа,таму і ягоны скон, гаворачы словамі малітвы, быў “ціхі,мірны і добры”? У лісце да свайго сябра П.Я.Гапановіча прасіў ён не паведамляць пра свой цяжкі стан бацьку. Паміраў ён пад светла-сумныя ўласныя песні-трызненні пра вечную красу,ласку і каханне.
Светлыя анёлы не пакінулі гэтага Чалавека ў яго перадсмяротную часіну. Адлятаючы ў Вечны Вырай, ён пасылаў людзям развітальную лебядзіную песню:


Пралятайце вы, дні,
Залатымі агнямі,-
Скончу век малады,-
Аблятайце цвятамi...


Сапраўды, суцэльнае святло і ні кроплі цемры не было ў ягонай паэтычнай душы. Нават гадзіна смерці не здавалася чорнай:


Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты…


Дзіўная цэльнасць бела-чырвонага і сіне-блакітнага каларыту “зачарованага царства” паэзіі Багдановіча!
Уся яго паэзія прысвечана Чалавеку, Жыццю, Бацькаўшчыне,Сусвету. Найлепш пра сябе сказаў сам паэт у вершы “Бывае вада перапоўніць…”:


Адзін дае людзям ізлішкі,
Другі( ўсё, што мае).Я гэткі:
Пяю з надтрэснутым сэрцам,
Апошні свой скарб аддаю.

Галоÿная

Hosted by uCoz