Галоÿная

Лірыка пачуццяў і кахання


Багацце і прыгажосць унутранага свету чалавека раскрываюцца і ў вершах аб каханні.. Для закаханых узыходзіць свая, высокая і шчаслівая зорка, зорка кахання. Радасцю і светлым сумам адсвечвае гэты верш: маладым людзям неабходна развітацца. Але і ў растанні, у далёкім краі, куды едзе ён, відаць, не па сваёй волі, будзе свяціць яму іхняя зорка. Хлопец упрошвае сваю дзяўчыну берагчы каханне, не забыцца на зорку (“Глянь іншы раз на яе.”), якая свеціць ім і абуджае надзеі,
Калі паэт гаворыць аб сваіх уласных інтымных пачуццях, то ноткі суму і нявер'я ўзмацняюцца. Гэта звязана з цяжкай хваробай паэта; з усведамленнем таго, што жыць яму суджана нядоўга (“Я, бальны, бескрыдлаты паэт”, “Учора шчасце толькі глянула нясмела”). Ды і ў “чыімсь каханні” паэт бачыць нямала смутку, драматызму. “Наплывае радасць, з ёю—сум”, “Сэрца чулае і млела, і балела”, “радасць душу мне шчаміла, быццам сум”,—такімі думкамі і выразамі напоўнены многія яго лірычныя вершы. Паэт чуе сумныя песні роднага краю аб няшчасным, згубным каханні ўдовінага сына Янкі (“Краю мой родны! Як выкляты богам..”), бачыць дзяўчыну ў слязах, якая хіліцца да тыну (“Уся ў слязах, дзяўчына”), яшчэ адну закаханую, што прыйшла да знахара-млынара за лекамі ад сардэчнай скрухі.
Вобразы шыпшыны, явара і каліны, сцежкі, якая зарастае травой, узмацняюць матывы пакутлівасці і тугі. Раздзел у зборніку “Вянок” носіць назву “Каханне і смерць”. Гэтыя дзве “адвечныя” тэмы пастаўлены побач. Поруч з радасцю, нібы яе двайнік, ідзе трагізм. Але перамагае светлы пачатак—радасць. Увасабленнем усёперамагаючага кахання з'яўляецца вобраз жанчыны-маці, велічнай і самаахвярнай, Ідучы на вялікія пакуты, яна дае жыццё новаму чалавеку. Паэт услаўляе подзвіг жанчыны-маці, параўноўвае яго з ратным подзвігам, гаворыць аб жанчыне з вялікай павагай і задушэўнасцю. У раскрыцці тэмы кахання і смерці, як і ва ўсім іншым, выявіліся дэмакратызм і гуманізм паэта, блізкасць яго да народных поглядаў і светаўспрымання простых людзей, якія ведаюць цану прыгожаму і сумнаму. Сапраўдны лірызм і глыбіня пачуцця—характэрныя адзнакі гэтых твораў.
Вершы М. Багдановіча аб прыродзе і каханні надзвычай лірычныя, псіхалагічна-праўдзівыя, дасканалыя па форме. Многія з іх пакладзены на музыку.
Да прыходу ў літаратуру Багдановіча вобраз лірычнага героя ў беларускай паэзіі быў абагульнены. Такі, прыкладна, як паказ кахання, іншых перыпетый душэўнага жыцця ў народных песнях. Беларуская літаратура не мела дагэтуль лірыкі кахання, якая раскрывала б духоўны свет асобы. Яе прынёс М. Багдановіч .
У беларускім грамадстве напачатку XX стагоддзя існаваў ужо пласт інтэлігенцыі, хоць, можа, не вельмі шырокі. Ды і ў асяроддзі народа адчувальна прабудзілася пачуццё асобы. 3 гэтай прычыны верш Багдановіча “Зорка Венера” адразу атрымаў усеагульнае прызнанне. “Зорка Венера” — па жанры гарадскі раманс. Іх многа было, такіх сумна-журботных песень, у народным асяроддзі, асабліва ў гарадскім, сярод больш-менш адукаванага мяшчанства. Пісалі іх такія паэты, як Надсан, а таксама і менш таленавітыя. Але патрэба ў такіх песнях была: мітуслівае жыццё, якое набывала ўсё большую імклівасць, раз'ядноўвала закаханыя пары, рвала ніці духоўнай сувязі. Былі, вядома, “жестокие” рамансы, дзе “коварный соблазнитель” насміхаецца з простай дзяўчыны, якая аддае яму чыстае каханне. Багдановіч, выдатны паэт, не мог пайсці па такім шляху. Як і ў многіх іншых вершах, у рамансе прысутнічае неба з планетай Венерай, якую можна назваць зоркай закаханых; шчыры маналог лірычнага героя да дзяўчыны, як і яго заява аб тым, што “расстацца нам час наступае”. Чаму расстанне непазбежна? Паэт не ўдакладняе прычыны. Ці мала іх можа быць, калі маладыя людзі паспелі адзін другога пакахаць, але не паспелі ўладкаваць сваё жыццё?
Роля Багдановіча з кожным новым дзесяцігоддзем, з новым вітком развіцця грамадства ўзрастае. Бо ён востра адчуваў, пісаў пра вечныя пачуцці, якія не знікнуць, пакуль будуць жыць на зямлі людзі. Матывы кахання — дамінуючыя ў паэзіі Багдановіча. Такой канцэнтрацыі гэтага пачуцця, яго пераходаў, пераліваў да Багдановіча беларуская паэзія яшчэ не ведала. “Бальны, бесскрыдлаты паэт” ведаў пра сваю цяжкую хваробу. Ад сухотаў памерла яго маці, пакінуўшы ў душы паэта незагойную рану. Можа па гэтай прычыне тэма жанчыны, у прыватнасці той, якая дае пачатак новаму жыццю, так востра займала ўвагу паэта.
Паняцце красы закранае ўсе аспекты творчасці М. Багдановіча, яе змест і форму Паэт звяртаўся да вечных узораў сусветнага мастацтва. Асабліва цаніў ён рэнесансавае ўвасабленне ідэалу красы ў славутай карціне Рафаэля "Сіксцінская Мадонна". Многія мастакі і паэты па-рознаму ўвасаблялі вобраз Рафаэлевай Мадонны. Зыходзячы з рэнесансавай традыцыі, М. Багдановіч адкрыў свой ідэал жаночай красы. Гераіні яго твораў "У вёсцы" і "Вераніка" — гэта "мадонны" з народа. Васьмігадовая дзяўчынка з вясковай вуліцы, якая, нібы маці, суцяшае маленькага хлопчыка — свайго браціка, і Вераніка, "што з постаццю дзяўчыны злівае мацеры чарты", увасабляюць высокі ідэал народнай красы дзевы-маці: "двайной красы аблік ядыны", "што Рафаэль вялікі / Стараўся выявіць праз маці Божай лікі".
Мадонна для Багдановiча – гэта не проста ўвасабленне жаночай прыгажосцi. Жаночая прыгажосць набывае для паэта сэнс i знаходзiць сабе апраўданне тады, калi яна ўвысакароджана святым прызначэннем жанчыны-мацi. Менавiта вось так чытаюцца вершаваныя апавяданнi ”У вёсцы” i ”Веранiка” з Багдановiчавага цыкла, на якiх усюды светла ляжыць цiхамiрны водблiск далёкага iтальянскага Адраджэння, у якiх праз рысы вясковай дзяўчынкi i паненкi Веранiкi праступае несмяротны вобраз Рафаэлевай мадонны, той мадонны, што натхняла Пушкiна i Дастаеўскага ( ды i цi адных толькi iх!), пра якую старэйшы сучаснiк Пушкiна i яго настаўнiк Жукоўскi пiсаў так: “Расказваюць, што Рафаэль, нацягнуўшы палатно свае для гэтай карцiны, доўга не ведаў, што на iм будзе: натхненне не прыходзiла. Аднойчы ён заснуў з думкай пра Мадонну, i, мусiць, нейкi анёл разбудзiў яго. Ен прахапiўся: яна тут, закрычаў ён, паказаўшы на палатно, i накрэслiў першы малюнак…” На яе твары нiчога не выказана, гэта значыць, на iм няма выразу зразумелага, якi б меў пэўнае iмя; але ў iм знаходзiш, у нейкiм таямнiчым спалучэннi, усе: спакой, чысцiню, велiч i нават пачуццё, але пачуццё, якое перайшло ўжо за мяжу зямнога, значыцца, мiрнае, пастаяннае – яно не ў стане ўжо замуцiць яснасцi душэўнай… Яна не падтрымлiвае Дзiцёнка, але рукi яе пакорлiва i свабодна служаць яму прастолам… I ён, як цар зямлi i неба, сядзiць на гэтым прастоле”.
Мы ведаем пра iмкненне паэзii Багдановiча паяднаць неба з зямлёю. У гэтым сэнсе яго “Вянок” – дасканалая ”парадзiгма” класiчнага мастацтва, поўная адпаведнасць яго эстэтычнай iснасцi. ”У вёсцы” уяўляе сабой паэтычны трактат на гэту класiчную тэму мастацтва. Пачнаецца яна з узнеслай песнi на адычны лад:


Хвалююць сэрца нам дзявочыя пастацi,
I душы мацярэй на могуць чаравацi;
Вышэйшая краса – у iх злiтнасцi жывой!
Артысты-маляры схiлялiся прад ёй,
Жадаючы з'явiць цераз свае халсцiны
Пачуццi мацеры ў воблiку дзяўчыны.
Красы тэй сiмвалам, Маць-Дзева, стала ты,-
I глянулi твае з-пад пэндзаляў чэрты.
З таёмным трэпетам на iх я пазiраю,
А сэрца ўсё iмкне да бацькоўскага краю…


У аснове сюжэтна-апавядальнай часткi твора – жывыя ўражаннi ракуцёўшчынскага лета 1911 года. Дарэчы, гэта – адна з лепшых у нашай лiтаратуры паэтычных замалёвак традыцыйнай вёскi. Аднойчы летняю парою iшоў паэт праз вёску i спудзiў хлопчыка: “Ён, бедненькi, папоўз па траўцы ля сцяжынкi,//Да нянькi траплячы– так год васьмi дзяўчынкi. // I вось, дабраўшыся, у падолак разам к ёй // З трывожным голасам утнуўся ён хучэй; // I, як схiляецца ад ветру верх бярозкi, // Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася i, слёзкi // Сцiраючы яму, штось пачала казаць, // Каб заспакоiць плач – зусiм як быццам маць, // I салiвалiся ў жывы абраз ядыны // Той выгляд мацеры ды з воблiкам дзяўчыны, // Дзiцячым, цененькiм; I ў гэты час яна, // Здавалася, была аж да краёў паўна // Якойсь шырокаю красой, радзiмаю красою, // I, помню, я на мiг пахарашэў душою…”
У гэтай ”дзяўчынцы ўпэцканай, i хiлай, i худой” паэт ўбачыў нешта вышэйшае за красу, ”што Рафаэль вялiкi стараўся выявiць праз Мацi Божай лiкi”. У М.Багдановіча “двайной красы” – дзявочай і мацярынскай “аблік ядыны” перанесены з біяграфічнай, “прыватнай” сферы ў сферу сялянскага, народнага жыцця.
Ідэальна рафаэлеўскае ўзнікае ў Багдановіча як натуральнае выяўленне схаваных у народным побыце традыцыях пачатку прыгожага. Ды і адносіны Багдановіча да Рафаэля маюць нейкую новую і рэалістычную па сваёй сутнасці якасць.
Творы вялікага італьянскага мастака для Багдановіча – увасабленне не той красы, што існуе самастойна і незалежна, а той, якая ўмее стаць вышэй і шырэй за самую сябе, умее няспынна ўзбагачацца за кошт зямных маральных каштоўнасцей. На “крывой i вузкай” вясковай вулачцы, сярод ”вясковай нуды” паэт робiцца сведкам таго хвалюючага, высокага пачуцця, той прыгажосцi душэўнай, ад якой i сам харашэе душой. I не так важна, што яго Мадонна –”так год васьмi дзяўчынка”, а яе дзiцёнак – замурзаны вясковы хлопчык, можа брацiк той дзяўчынкi, якой мацi, iдучы ў поле, строга наказала быць нянькай. Важна не гэта, а вось што:


Дзяўчынка к хлопчыку нагнулась i, слёзкi
Сцiраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоiць плач – зусiм, як быццам маць,
I салiвалiся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблiкам дзяўчыны
Дзiцячым, цененькiм…


Ад iдылiчнай i ў той жа час нейкай трывожна трапяткой карцiны, падгледжанай паэтам, павеяла ”якойсь шырокаю, радзiмаю красою”. Але далей паэт пiша:


А можа не краса была ў дзяўчынцы той,-
Дзяўчынцы ўпэцканай, i хiлай, i худой,-
А штось вышэйшае, што Рафаэль вялiкi
Стараўся выявiць праз мацi божай лiкi.


У ”дзяўчынцы ўпэцканай, i хiлай, i худой” па-зямному няма нiчога прыгожага (ды гэта i не краса – так i кажа цi, дакладней, сумняваецца ў такой красе паэт), проста зямной красы няма, зямная краса будзе красою тады, калi яна стане ”радзiмаю” – г. зн. аплодненай нечым ”вышэйшым”, красою.
Жывую праяву вобраза Мадонны ў беларускай вёсцы паэт назваў лепшай старонкай у сваiм ”штодзённiку жыцця”. Мацi-дзева стала для паэта сiмвалам высокай красы бацькаўскага краю, да якога iмкнулася яго сэрца. Цяпер зразумела, чаму ”Вянок” паэзii Багдановiча пачынаецца ”Зачарованым царствам”, а канчаецца ”Мадоннамi”: у першым цыкле – паэтызацыя прыродна-касмiчных праяў Бацькаўшчыны, а ў апошнiм цыкле – праслаўленне яе духоўнай прыгажосцi.


…что есть красота
И почему её обожествляют люди?
Сосуд она, в котором пустота,
Или огонь, мерцающий в сосуде?


Лірыка М. Багдановіча ў значнай меры біяграфічная.
Возьмем адзін з найлепшых твораў — паэму”Вераніка” (паэт назваў яе вершаваным апавяданнем). Да паэмы пададзены эпіграф: “Яна — выдумка маёй галавы”. Але гэты эпіграф толькі адводзіць увагу ад сапраўднай гераіні паэмы — Ані Какуевай. Яго адносіны да жанчыны былі патаемна страсныя і чыстыя. У апошнія гімназічныя гады Максім пазнаёміўся з сям'ёй аднакласніка Рафаіла Какуева. Максім стаў часта бываць у доме Какуевых. Магчыма, гэта былі самыя шчаслівыя часы яго не вельмі радаснага юнацтва. У сям'і Какуевых, як і Дзябольскіх, Максім знаходзіў тое, чаго не меў дома: утульнасць, інтэлігенцкую атмасферу, шчырую прыхільнасць.
Гераіні паэмы — яе прататыпам стала Аня Какуева —паэт даў імя дзяўчыны Веранікі. У яе вобраз паэт уклаў сваё разуменне жаночай прыгажосці, цнатлівасці, рысы будучага мацярынства.
Да Багдановіча не было ў беларускай паэзіі такіх твораў, як “Вераніка”, з індывідуальна-псіхалагізаваным вобразам, настроем “улагодненай сузіральнасці і ціхага смутку, і лірыкі, дзе свет, прырода, зорка, зямля нібы даручаны аднаму чалавеку, аддадзены ў душэўную ўласнасць яго натуры...”
“Вераніка” — лірычная споведзь паэта аб дарагім, незабыўным. Твору ўласціва “рознакалёрнасць”, узнёсласць жыцця. Яна ўвасабляе рамантычную мару, спраўджаную ў памятным дзіцячым свеце. Гераіня паэмы нагадвае некаторымі рысамі тую ж Аню Какуеву:


Жылося цяжка Вераніцы
(Хай так дзяўчынку будзем зваць):
Яе памерла рана маць...


Яна яшчэ падобна да Таццяны Ларынай А. Пушкіна (“Таму з маленства палюбіла хавацца ў стары сад яна, Дзе веяла дыханне сна, і цішыня ў паветры плыла...”). Лірычны адрасат — маем на ўвазе Аню Какуеву — у жыцці паводзіў сябе крыху інакш. Рэальны лірычны герой, за якім стаіць сам Багдановіч, меў надзею на прадмет сваёй закаханасці.
Увогуле вобраз Ані Какуевай займае ў жыцці і паэзіі Багдановіча вялікае месца.
Як расказвае даследчыца Ніна Барысаўна Ватацы, у 1971 годзе Мікалай Іванавіч Лілееў падараваў Нацыянальнай бібліятэцы БССР зборнік Максіма Багдановіча “Вянок”. На кнізе — сціплы аўтограф паэта: “Николаю Рафаиловичу Кокуеву от автора. М. Богдановмч, Ярославль. 1914”. Н. Б. Ватацы пацвердзіла: “Паэма “Вераніка” мела дачыненне да сям'і Какуевых...” 3 ліста бацькі паэта Адама Юр'евіча ў адрас Інстытута беларускай культуры ад 23 чэрвеня 1926 года вядома: вершы “Учора шчасце толькі глянула нясмела...”, “Четвертной акростнх”, “Уймитесь, волнения страсти” і шмат іншых прысвечаны Ганне Рафаілаўне Какуевай.


Учора шчасце толькі глянула нясмела, —
І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела,
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум.
Усё жыццё цяпер. як лёгкая завея,
Кнігу разгарнуў — а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я, —
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?
***

Ах, как умеете Вы, Анна.
Не замечать, что я влюблён.
Но всё же шлю я Вам не стон,
А возглас радостный: осанна!


Гэта, па сутнасці, альбомны акраверш. За радкамі сур'ёзных пачуццяў не тоіцца. Тым часам захапленне Аняй Какуевай было ўзвышаным, палымяным і моцным пачуццём. Яно валодала істотай паэта доўгі час, знайшло адбітак у шматлікіх яго творах. Увогуле паэзія не можа жыць без усхвалення каханай дзяўчыны.
Звычайна вобраз Максіма Багдановіча паўстае перад намі як вобраз чалавека ціхага, спакойнага, які лістаў старыя кніжкі, чытаў старажытнагрэчаскіх і рымскіх паэтаў, прыстасоўваючы трыялеты, санеты, рандэлі пад беларускую версіфікацыю. Адным словам, Максім-кніжнік. А ён быў жывы, палымяны, страсны, і каханне ў юнацкія, маладыя гады займала ў ягонай душы галоўнае месца.
Іншая справа — ён быў “бальны, бесскрыдлаты паэт”, і не ад аднаго яго ўзаемнасць у каханні залежала. Бясспрэчна, Нюта Гапановіч, Аня Какуева не былі абыякавыя да Багдановіча, але да высокай самаахвярнасці яны падняцца не здолелі. Гэта яшчэ больш паглыбляла трагічнае светаадчуванне паэта.
Ганна Рафаілаўна Какуева была для Багдановіча нібы Лаура для Петраркі. Яе вобразам навеяны не толькі паэмы “Вераніка”, “У вёсцы”, цыкл “Мадонны”, а і шматлікія іншыя творы. Паэт, вядома, ідэалізаваў каханую. У яго душы жыло вострае адчуванне прыгажосці, якое ў дадзеным выпадку ўвасобілася ў вобразе Ані Какуевай. Аня Какуева прысутнічае ўжо ў “Вянку”, кнізе ранняй, якая пісалася з 1909 да сярэдзіны 1911 года. А. Р. К. —Анне Рафаілаўне Какуевай — прысвечаны цыкл “Мадонны”. У лісце да супрацоўнікаў рэдакцыі “Нашай нівы” ад 7 лістапада 1914 года М. Багдановіч пісаў: “На рэдакцыю “Н. Н”» пасылаю паэму “У вёсцы”, першую з раздзела “Мадонны”, гэты раздзел пасвячаю А. Р. К., так толькі буквы і пастаўце”. Супрацоўнікі газеты, аднак, не выканалі просьбу аўтара.


Магчыма, як знак лёсу ўспрымае паэт малюнак касцёла святой Анны ў Вільні:
Каб залячыць у сэрцы раны,
Забыць пра долі цяжкі глум,
Прыіідзіце да касцёла Анны.
Там знікнуць сцені цяжкіх дум.
Вершы, прысвечаныя Ані Какуевай, нібы зіхацяць усімі колерамі вясёлкі. Ёсць радкі, адзначаныя нават лёгкім гумарам:
Вашай цётцы. здаецца, вельмі прыемна
Рабіць обыск у маім сэрцы.
Яшчэ ўчора яна мне казала:
“Прызнайцеся, што Вы палюбілі Аню!”
Але ў вершах, навеяных каханнем да Ані, часцей праглядаюць драматычна-трагічныя ноткі:
Больш за ўсё на свеце жадаю я,
Каб у мяне быў свой дзіцёнак —
Маленькая дачушка — немаўляшка,
Аня Максімаўна...


Пачуццё да каханай бывае балючым, супярэчлівым. Сярод чарнавых накідаў сустракаем такія радкі:


Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія,
Даўшы спачынак стамлёным вачам,
Я шапчу цераз сны адзінокія:
“Аня... мая... нікаму не аддам”.


У другім вершы няма нават прывіду надзеі на асабістае шчасце. Паэт як бы згодзен на тое, што ў Ані народзіцца дзіця, няхай не ад яго, але толькі падобнае на Аню.


Аддам я жыццё яму ў рукі, —-.
Няхай тады будзе, што будзе:
Ці хай ён у ручках
Пакрышыць яго як забаўку,
Ці хай ён у ручках
Угрэе сірочае сэрца.


Сам паэт падводзіць сумны вынік кахання. Ён — «бальны, бесскрыдлаты паэт», яна — бадзёрая, жыццядзейная дзяўчына. Перад ёй раскрываецца свет, яна ў Пецярбургу, а ён, якога друкуюць, пра якога пачынаюць пісаць вядомыя ў свеце часопісы, сядзіць у правінцыйным Яраслаўлі і крануцца з месца не можа.
Пачуццё да Ані Какуевай настолькі глыбокае, усеабдымнае, што яно як бы засланяе перад паэтам увесь свет. У каханні паэта знаходзім самыя розныя адценні, колеры —ад пяшчотна-ідылічных, самаахвярных да драматычных і трагічных:


Муар
Двума колерамі
Пераліваецца.
І бачна ўсім,
Дзе пачынаецца і дзе канчаецца каторы;
А ўсё ж такі мяжу між імі
Чэртою цвёрдай
Не правесці.
У сэрцы — боль:
Ніколі
3 душою Вашай гак не сальецца
Мая душа.
Канец.


Багдановіч у каханні бачыць перш за ўсё ўзаемаразуменне, духоўную блізкасць душ, “магчымасць спазнаць сябе ў іншым чалавеку”. Вядома, паэт шукаў ідэальнае ў жыцці. Тым часам гэтага ідэальнага было няшмат. Часцей трапляліся выпадкі, якія цалкам супярэчылі ідэалу. У тагачаснай паэзіі шырокай ракой разліліся плыні, ідэі нявер'я ў чалавека, знявагі да яго, асабліва да жанчыны. Багдановіча ж гэтыя ідэі закранулі мала. Тры жаночыя адрасаты лірыкі Багдановіча вядомы. Знаёмая па першай паездцы ў Крым Кіціцына (вершы “Цемрадзь”, “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт”), Аня Гапановіч, стрыечная сястра, дзеля якой шмат сваіх вершаў паэт пераклаў на рускую мову (сшытак “Зеленя”), і нарэшце, Аня Какуева, закаханасць у якую была ў паэта наймацнейшай. Відаць, і Ганна Рафаілаўна давала сякія-такія падставы, каб паэт — няхай у думках, у марах — звязваў з ёю свой лёс.
«Каханне і смерць» — яшчэ адзін цыкл, які працягвае любоўную тэму. Для паэта гэта матыў не кніжны, а ўзяты з жыцця, з уласна перажытага. Памерла маці паэта (смутак па ёй пранізвае наскрозь паэзію Багдановіча), памерла другая жонка яго бацькі Аляксандра Волжына (нарадзіўшы хлопчыка, які выхоўваўся ў сям'і М. Горкага, аднак жыў нядоўга).
Вершы з цыкла «Каханне і смерць» — не адзіныя, не адасобленыя ў паэзіі Багдановіча. Светлым, высокім пачуццём прасякнуты творы як ранейшага, так і пазней'шага перыядаў:


Халодная, ясная ноч...
Звонка хрумчыць сняжком,
Ідучы мне насустрач, дзяўчына.
“Як Вас завуць?”
Пытаюся я.
(Сягоння ж усе гадаюць).
І яна няголасна кажа:
“Аня”.


Хвароба, аднак, нагадвае пра сябе часцей і сур'ёзней, прымушае задумвацца пра фізічнае існаванне. Паэт, які потым напіша невялікую паэму-легенду «Страцім-лебедзь», са смуткам выказвае думку аб вельмі верагодным фізічным спыненні ўласнага роду. Строгі, вывераны рытмічны ключ на гэты раз саступае месца верлібру:


Больш за ўсё на свецежадаю я,
Каб у мяне быў своій дзіцёнак —
Маленькая дачушка — немаўляшка.
Аня Максімаўна.
і Такая прыгожанькая,
Цёплснькая. мокранькая,
3 чорнымі валосікамі і броўкамі.
3 цёмна-карымі вочкамі,
А ручкі, як перацягнутыя ніткамі.
Зусім такая, як Вы,
Калі Вы былі маленькай дзяўчынкай.


3 цёмнымі ці цёмна-карымі вачыма мы яшчэ сустрэ'немся — Аляксандр Блок, які напісаў цудоўныя творы аб “Прекрасной даме”, “Незнакомке”, у наступных цыклах звёў гэта нябеснае стварэнне на зямлю. і не толькі не паэтызаваў яго, а знаходзіў сатырычныя колеры. фарбы, развітваючыся са сваёй юнацкай марай Максім Багдановіч таксама як бы развітваецца з дзяўчынай-марай, якая навеяла яму столькі выдатных, адухоўленых пачуццём радкоў. Сатыры ў яго вершах няма. Ёсць цвярозы погляд на свет, ледзь улоўныя ноткі крыўды і эпіграф з Блока:


Но знаю: не пройдет бесследно
Все, что так стрнстно я любил,
Весь трепет этой жизни бедной,
Весь этот непонятный пыл.

Ці ведаеце Вы, цёмнавокая пані,
Што бываюць не толькі цёмныя вочы.
Але і цёмныя зоры,
Што калі-нікалі схапляюцца ясным светам.
У гэты міг
Яны, быць можа, не менш прэкрасны
Ад Вашых высечаных з цёмнага каменю вачэй,
У каторых раптоўна засвячаецца аганёк.
Не паляціць на яго мая душа,
Не апаліць свае кволыя скрыдэльцы...


“Гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы, — пісаў пра М. Багдановіча Адам Бабарэка. — Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыццё”.
Першая сусветная вайна змяніла многае як у асабістым жыцці паэта, так і ў яго поглядах на жыццё. Інтымная лірыка паступова згасае. У лірычных адрасатах паэт расчароўваецца. Калі браць канкрэтныя жыццёвыя факты, то карціна выглядае так. Аня Какуева, што давала нейкія надзеі на ўзаемнасць, выходзіць замуж. 3 Аняй Гапановіч сувязі парваліся яшчэ раней. Гэта быў час найвялікшага душэўнага расчаравання.
У грымотны 1915 год паэт нібы развітваецца з любоўнымі ілюзіямі, выкладзенымі ў “Мадоннах” і некаторых іншых цыклах вершаў. Адыходзяць на задні план матывы жаночай нявернасці, здрады. Вайна нібы прасвятліла зрок паэта. Асабістае, інтымнае як бы драбнее перад тварам крывавай бойні, бесчалавечнай, антыгуманнай, страшнай.
Летам 1915 года з'явіліся цудоўныя вершы “Маладыя гады”, “Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак”. Яны нібы вяртаюць нас да паласы інтымнай лірыкі Багдановіча 1910—1912 гадоў. Уздым любоўнага пачуцця, відаць, звязаны з каханнем паэта да канкрэтнай жанчыны, пра якую, аднак, ведаем вельмі мала (“Шмат зазнаў я горычы з нудою, Што шчаміла, мучыла, пякла... Усё ужо прайшло, сплыло вадою, — Моладасць не знікла, не прайшла!”).
Магутным па мастацкай сіле, але ў той жа час прыцішаным, улагодненым пачуццём прасякнуты верш “Ужо пара мне дадому збірацца”. Няшмат слоў, вобразаў, пасажаў у вершы. Чуем мы ў ім прытоеную скаргу на адзіноту і яшчэ, здаецца, на тое, што не трапілася на шляху паэта жанчына, якая б яго зразумела, спасцігла душой.
Песня адзіноты геніяльнага паэта. Такое было ў еўрапейскай і сусветнай паэзіі, не абмінула і беларускую, якая толькі станавілася на ногі. Але на тое яна і паэзія, бо яе прызначэнне — выяўляць самыя глыбокія, інтымныя, патаемныя пачуцці.

Галоÿная

Hosted by uCoz