«…І ўдзень Ніжні не меньш красны. Пад'язджаем да яго
на параходзе, а ён-то ўвесь па гарэ паўзе, а гара ўся ў зелені. Праз зелень
тую белы, а дзе і чырвоны крэмль выглядае. Гмахі ўсіх колераў лепяцца, царкоўныя
купалы ўздымаюцца, крыжы іх ад сонца аж зіхацяць… Краса!»
Пражыў Максім Багдановіч усяго дваццаць гадоў з невялікім і дваццаць з іх у
Ніжнім Ноўгарадзе. Тут ім былі напісаны першыя радкі, якія сталі бессмяротнымі,
тут жылі блізкія яму людзі, многія з іх спачываюць на мясцовых могілках, тут
і сёння жывуць нашчадкі яго родзічаў па маці і бацьку.
Тут помняць пра яго…
У лістападзе 1896 г. з Гродна ў Ніжні Ноўгарад прыехаў на работу служачы Сялянскага
банка Адам Ягоравіч Багдановіч. Месяц назад ён аўдавеў, і цяпер на яго руках:
шасцігадовы Вадзім, пяцігадовы Максім і двухгадовы Лёва.
Адным з першых ніжагародцаў, да каго звярнуўся за парадай і дапамогай Адам Ягоравіч,
быў Аляксей Максімавіч Пешкаў. Ён нядаўна вярнуўся з Самары з маладой жонкай
Кацярынай Паўлаўнай Волжынай і здымаў першую сваю сямейную кватэру ў доме Гузеевай
на рагу Вазнясенскай і Цялячай вуліц. (На вялікі жаль, гэты дом некалькі гадоў
таму згарэў у час рэстаўрацыйных работ і пакуль што не адбудоўваецца.)
У Адама Ягоравіча быў рэкамендацыйны діст да Аляксея Максімавіча ад Яўгена Чырыкава
– пісьменніка, актыўнага грамадскага дзяча, у свой час кіраўніка сходу студэнтаў
у Казанскім універсітэце.
-Вы беларус? Вось гэта добра, - узрадаваўся новаму знаёмству Аляксей Максімавіч,
- Я шмат вандраваў па Русі, углядваўся… А вось Беларусі зусім не ведаю. Можа,
Вы мяне пазнаёміце? А-а… Вы займаецеся этнаграфіяй? Вось гэта добра: вельмі
дарэчна. З Ангелам Іванавічам Багдановічам Вы не родзічы? Цёзка па прозвішчы?
Ён з Беларусі жыў у Ніжнім, з ссыльных. Піша. Багдановічаў многа, і ўсе пішуць.
Жартаўлівая заўвага Аляксея Максімавіча пра тое, што ўсе Багдановічы пішуць,
аказалася прарочай.
Знаёмства Адама Ягоравіча з Аляксеем Максімавічам перайшло ў дружбу, а праз
тры гады яны парадніліся: Адам Ягоравіч ажаніўся з Алясандрай Паўлаўнай Волжынай,
швагеркай Горкага. Шлюб быў шчаслівым, але нядоўгім – у 1899 г. Аляксандра Паўлаўна
памерла.
Больш, чым сваяцкія сувязі, звязвалі сем'і Багдановічаў і Пешкавых агульныя
погляды. Сваім «закадычным прыяцелем» назваў Аляксей Максімавіч А.Я.Багдановіча
ў адным з пісьмаў А.П.Чэхаву. «Дорогому и любимому мной Адаму Егоровичу», -
так падпісаў Горкі свой першы двухтомнік, падараваны сябру.
А.Я.Багдановіч быў вельмі заняты пытаннямі педагагічнага характару, у яго былі
тры сыны ад першага шлюбу, ён сам вёў іх навучанне па асабістым плане…
Дзеці А.Я.Багдановіча ўмелі чытаць з шасці год. Да выбару кніг бацька адносіўся
вельмі строга: «Напачатку (тры-чатыры гады) чытаў я сам. Першай кніжкай для
Максіма, як, зрэшты, і для іншых дзяцей, былі «Дзіцячыя Казкі» Афанасьева, затым
беларускія казкі маіх запісаў і іншыя…»
Бацька вазіў дзяцей з сабой на ацэнку зямель, знаёміў іх з жыццём вёскі, з помнікамі
даўніны на Волзе і Клязьме, Вятлузе і П'яні. У Ніжнім Ноўгарадзе, у Маскве і
ў іншых гарадах ён вадзіў малых у карцінныя галерэі і музеі. Дзеці (ва ўсіх
былі слабыя лёгкія) пабывалі з бацькам у Самарскай і Уфімскай губерніях, лячыліся
ў Крыме. «Мяне выхоўваў бацька,» - гаварыў Максім Багдановіч . Сам Адам Ягоравіч
у сваёй бясцэннай рабоце «Материалы к биографии Максима Богадновича» сціпла
заўважае : “…Што тычыцца абудження ў яго душы любові да радзімы, і я прэтэндую
на нейкую долю ўдзелу”.
У ніжагародскую гімназію Максім паступіў, як вядома, у 1902 г. Гімназію ўзначальваў
С.В.Шчарбакоў, у сям'і якога Максім любіў слухаць класічную музыку. Пасябраваў
Максім і з выкладчыкам гісторыі А.К.Кабанаввым. Беларус па паходжанні, ён быў
добрым знаўцам беларускай гісторыі і мог адказаць на шматлікія пытанні цікаўнага
гімназіста.
Да гадоў вучобы ў гімназіі адносіца сур'ёзна і ўжо свядомае захапленне «белорусикой»,
па выражэнні Алама Ягоравіча.
У Ніжнім Ноўгарадзе існавала беларуская дыяспара. Там аселі Гапановічы і Галаваны,
сем'і дзвюх сясцёр Адама Юр'евіча, у асяроддзі якіх панаваў беларускі дух і
жыла вялізная цікавасць да Беларусі. Сястра Адама Юр'евіча Магдалена Гапановіч,
паводле яго слоў, была «носьбітам традыцый роду», шанавала беларускія звычаі,
абрады.
Вольны час — дзіцем і падлеткам — Максім праводзіць у цётак, гуляе са сваімі
стрыечнымі братамі і сёстрамі. Тут чуе ён беларускія песні, казкі, крылатыя
выразы свайго народа — прыказкі, прымаўкі. Так што першая школа «беларусікі»
будучага паэта тут, у яго цётак. Але ўзнікае пытанне: чаму духам беларускасці
не захапіліся браты і сёстры Максіма, а адзін толькі ён? Стрыечны брат Максіма
Пётр Гапановіч нават варожа ставіўся да ўсяго беларускага. Для Ані Гапановіч,
якую Максім пакахаў, ён пераклаў на рускую мову сшытак сваіх вершаў, назваўшы
яго «Зеленя». Сам Адам Юр'евіч не надта верыў у беларускую ідэю.
Яго інтарэс да беларускай зямлі насіў пераважна этнаграфічны характар.
Вось тут пачатак драмы, якая — няхай сабе нябачна, стоена — пралягла паміж Адамам
Юр'евічам і яго сынам. Максім захапляўся Беларуссю, яе гісторыяй, глыбіннымі
пытаннямі яе бытавання між іншымі славянскімі народамі. Бацька ж не лічыў беларусаў
самастойным народам, а мову беларускую называў «наречием». Таму і да заняткаў
сына «беларусікай» Адам Юр'евіч адносіўся з паблажлівай усмешкай. Чым бы, маўляў,
дзіця не цешылася, абы не плакала. Таму ў сыне будучага вялікага беларускага
паэта бацька не разглядзеў. Да 1916 года Максім Багдановіч ужо напісаў асноўныя
творы, якія мы да сённяшняга дня вывучаем, разглядваем. Пра Максіма Багдановіча
ўжо пісалі такія высокія аўтарытэты, як прафесары Пагодзін, Янчук, яго імя пачало
набываць міжнароднае гучанне. Тым часам бацька нібыта нічога не чуў і не бачыў.
3 чацвёртага ці пятага класа гімназіі Максім, бясспрэчна, пачаў разумець, што
бацька — птушка невысокага палёту, што яго вучонасць уяўная, што ён — ні больш
ні менш як дзеяч земскага маштабу. Яго артыкулы па этнаграфіі, статыстыцы, раскіданыя
па правінцыйных выданнях, былі толькі сырым, павярхоўным матэрыялам. І яшчэ
адна немалаважная акалічнасць: бацька Максіма жэніцца, праўдзівей, пачынае жыць
грамадзянскім шлюбам з роднай сястрой першай жонкі — Аляксандрай Апанасаўнай.
Не мог Максім ухваляць трэцюю жаніцьбу бацькі.
У Максіма было дзесяць сясцёр і братоў. Яны нараджаліся, паміралі, а дабрабыту
ў доме ўсё не было. У госці ніхто не хадзіў ні да бацькі, ні да Максіма. Аляксандра
Апанасаўна не мела афіцыйнага шлюбу з Адамам Юр'евічам, таму нідзе з ім на людзях
не паказвалася. Нават у тэатр хадзіла адна.
Вось такімі былі жыццёвыя абставіны, пры якіх «Максім-кніжнік» пісаў свае бессмяротныя
вершы. Ён ніколі не меў добрай вопраткі, але не звяртаў на гэта ўвагі.
Моцным ударам для Максіма была смерць старэйшага брата Вадзіма, у якога рана
выявіліся прыкметы сухотаў. Хаця ў сям’і панавала руская мова, Максім, пачынаючы
з беларускіх казак, а потым і па іншых творах з бібліятэкі бацькі, стаў самастойна
авалодваць беларускай мовай. Не мог ён прайсці міма артыкула “Беларусы” ў энцыклапедычным
слоўніку Ф.Брокгаўза і І Ефрона.
Ужо з 10-11 гадоў Максім піша па беларуску. Свае першыя спробы ён паказаў хроснай
маці В.Е.Сёмавай, якая наведала сям’ю Багдановічаў у 1901 г. Вольга Епіфанаўна
жыла на Беларусі, у Пінску, і Максім перапісваў з ёй. Па яго просьбе яна з 1906
г. выпісвала яму газеты на беларускай мове «Наша Доля» і «Наша Ніва».
Адным з важакоў рэвалюцыйна настроенай ніжагародскай навучэнцкай моладзі быў
старэйшы брат Максіма Вадзім – заўзяты аратар, прыхільнік Н.К.Міхайлоўскага.
У дні агульных хваляванняў 1905 г. Максім таксама абвясціў сябе анархістам,
вывучаў творы Бакуніна і Прудона, арганізаваў у чацвёртым класе, дзе вучыўся
сам, гурток і патрабаваў для вучняў сходак. Ён меў дачыненне і да хваляванняў
у гімназіі, якія адбыліся ў кастрычніку 1906 г., за што быў паўторны курс.
У красавіку 1909 г. Вадзім Багдановіч памёр ад сухотаў.
У 1907 г. з Ніжняга Ноўгарада ў Вільню былі адпраўлены два лісты: Максім Багдановіч
адрасаваў у “Нашу Ніву” сваё апавяданне.
У ліпені 1907 г. у дом Паўлавай па Канатнай вуліцы (цяпер дом №42 па вул.Караленкі)
прыйшла «Наша Ніва» з апублікаваным апавяданнем «Музыка», якое паклала пачатак
яркаму літаратурнаму лёсу Максіма Багдановіча. Цікава, што гэты дом калісьці
належаў дзеду М. Горкага Кашырыну і пабрабязна апісаны ў аўтабіяграфічнай аповесці
“Дзяцінства”. На доме ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
“Амаль няма разбегу. Адразу – узлёт”. Так вызначыў пачатак творчага шляху
М. Багдановіча Ягор Ісаеў у дні, калі адзначалася 90-годзе з дня нарадження
класіка беларускай паэзіі. Сапраўды, хутка пасля публікаціі “Музыкі” ўкраінскі
філолаг І. Свянціцкі ў кнізе «Возрождение белоруской литературы» не толькі ўспамінае
адзіны да таго часу апублікаваны твор М.Багдановіча, але і цытуе яго. Бацька
ў сваіх успамінах выказаўся проста: “А далей усё пайшло як па пісанаму”.
Абвінавачаны ў надта левых поглядах і ў тым, што, карыстаючыся сваім становішчам,
сістэматычна разладжвае дамовы і настройвае сялян супраць памешчыкаў, А.Я. Багдановіч
быў вымушаны падаць прашенне аб пераводзе і атрымаў назначэнне ў Яраслаўль,
куды ў чэрвені 1908 г. і пераехала сям’я.
Памяццю пра Ніжні Ноўгарад была рэпрадукція Рафаэля “Сіксцінская мадонна”, якую
М. Горкі падараваў Адаму Ягоравічу, калі ў 1904 г. ад’язджаў з Ніжняга, як аказалася,
назаўсёды. Гэту рэпрадукцію Максім павесіў у сваім пакоі ў Яраслаўі (вобраз
мадонны часта сустракаецца ў яго творах).
Цудоўнае апісанне Ніжняга Ноўгарада пакінуў М. Багдановіч і ў апавяданні “Шаман”.
Шмат гадоў захоўваўся ў Ніжнім Ноўгарадзе аўтограф аўтарскіх перакладаў “Зеленя”
на рускую мову, прысвечанага Нюце Гапановіч. У сям’і згадваліся, што да сястры
Нюты Максім мае некалькі большыя пачуцці, чым братэрскія. Нюту любілі многія
– прыгожая, вельмі разумная дзяўчына, яна з залатым медалём закончыла жаночую
гімназію і паказала вялікія здольнасці да матэматыкі.
У 1914 г. Максім Багдановіч наведаў Ніжні Ноўгарад. У сям’і Кунцэвічаў захоўваецца
яго кніга “Вянок” з аўтографам: «Сестрице Вере от любящего её автора. М.Богданович.
22/III/1914 г.» Напэўна, гэта быў апошні прыезд М. Багдановіча ў горад, які
быў для яго другой радзімай.
6 студзеня 1984 гю на будынку Ніжагародскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага
была адкрыта мемарыяльная дошка са скульптурным партрэтам М.Багдановіча : «В
этом здании бывшей Нижегородской гимназии в 1902 – 1908 годах учился выдающийся
Белорусский поэт Максим Богданович». На тарцовай частцы дошкі адліты даты кароткага
жыцця паэта : 1891 – 1917. Аўтар бронзавай дошкі заслужаны дзеяч мастацтваў
БССР Сяргей Вакар. Звяртае на сябе ўвагу напісанне слова «Белорусский» з вялікай
літары, як у Багдановіча – “Народ, Беларускі Народ!”
Максім Багдановіч у адной са сваіх крытычных прац адзначаў: “У гісторыі літаратуры
сустракаюцца, прыцягваючы погляды сваёй высакароднасцю, фігуры людзей, якія
падавалі вялікія надзеі, але памёрлі рана… Аднак вечнай свежасцю вее ад іх імёнаў.
Не кладзецца на іх пыл дзён, якія пранесліся”. Цяжка сказаць больш дакладна
пра самога Максіма Багдановіча. Гісторыя літаратуры не ведае другога прыкладу,
каб паэт, які з дзяцінства разлучаны з родным краем, стаў народным, каб, самастойна
вывучыўшы мову продкаў, ён узняўся да класічных вышынь.
Радзіма паэта там, дзе жыве яго сэрца. Беларусь была маці Максіма Багдановіча,
Волга стала яго карміцелькай, а Ніжні Ноўгарад - першай прыступкай у бессмяроцце.
Неўзабаве сям'я Багдановічаў пераязджае ў Яраслаўль.