Галоÿная

ПЕЙЗАЖНАЯ ЛІРЫКА

3 замілаваннем і любоўю падае М. Багдановіч беларускія пейзажы, адзначаючы новыя і новыя штрыхі ў абліччы роднага краю.. Багдановіч, як вядома, найбольш захапляўся паэзіяй Фета і Верлена -- мастакамі, якія ўнеслі ў паэзію імпрэсіянісцкае майстэрства ўлоўліваць імгненныя тонкія зрухі настрояў, душэўных перажыванняў і праз іх глядзець на навакольны свет, на прыроду. Большасць вершаў Багдановіча, прысвечаных з'явам прыроды, менавіта такая. Паэт часта глядзіць на неба. Месяц, зоркі, воблакі, сонца — пастаянныя вобразы яго твораў. Адухоўленая прырода як бы пераклікаецца з сэрцам, душой паэта. Зрухі душы, яе тонкія, ледзь улоўныя нюансы маюць сваіх адпаведнікаў у шматлікіх, разнастайных з'явах прыроды.
“Пейзаж душы” пастаянна пераклікаецца з прыродным пейзажам. Ва ўсім гэтым ёсць нейкі філасофскі грунт.
Многія зімовыя і летнія пейзажы ў паэта поўныя бадзёрасці, жыццесцвярджальнай сілы. У іх вітанне жыцця, імклівасць руху, поўная гармонія паміж чалавекам і прыродай. “Здароў, марозны, звонкі вечар!”, “Добрай ночы, зара-зараніца!”—радасна ўсклікае паэт, закаханы ў хараство зямлі з яе колерамі, пахамі, усходамі і змярканнямі, стужай і гарачынёй.
Светлы настрой і надзею абуджае ў ім самы выгляд скрыпучага, мяккага снегу, белых стройных бяроз, дрыжачых, пахаладзелых ад марозу зорак у сінім небе.


Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
І рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Узрывайце ж іх санямі, коні,
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
У грудзях пачала кроў кіпець.


Добра ў такую ноч імчацца на конях з бомамі пад дугой, любавацца раздоллем снягоў, белымі бярозамі, далёкай сінявой неба. І шпаркая язда, і прыгожыя краявіды, і марозны, звонкі вечар — усё бадзёрыць і весяліць душу.
Такога ж аптымістычнага характару і верш “Зімовая дарога”. Зноў вобраз шпаркай пары ці тройкі, якая імчыцца ўдаль па зімовай дарозе пад звон бомаў, што “запяваюць аб долі і волі, навяваюць у сэрцы спакой”.
Шырыня і прастор палёў абуджаюць сілы ў чалавека, узмацняюць веру ў будучыню. Замысел, настрой верша выражаны адпаведнай славесна-вобразнай сістэмай:


Уюцца змейкай срабрыстай дарожкі,
Брызгі золата ў небе блішчаць,
І маркотныя месяца рожкі
Праз марозную мглу зіхацяць


Брызгі золата, срэбны туман, халодная сталь снегу —гэтыя метафарычныя выразы добра перадаюць адчуванне здаровай марознай зімы і нібы адсвечваюць рознымі колерамі і адценнямі. “Зімовая дарога” — невялікі, добра апрацаваны верш, пабудаваны на аснове зрокавага ўспрымання і тонкага адчування зімовага пейзажу.
У прыродзе захавана вялікая краса і сіла, якая дабратворна ўздзейнічае на чалавека, духоўна ўзбагачае яго. Сярод пейзажных вершаў М. Багдановіча ў праграме сістэматычнага школьнага курса вылучаны “Па-над белым пухам вішняў..”, “Прывет табе, жыццё на волі”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць...”, як найбольш музычныя, дасканалыя па форме. Да аднаго з іх аўтар бярэ эпіграф з французскага паэта Поля Верлена “Музыка перш за ўсё”. Сапраўды, паміж лірыкай і музыкай многа агульнага.Танальнасць, рытм, метр і іншыя элементы выразнасці ўласцівы гэтым відам мастацтва, хоць сродкі выражэння ў іх розныя. у музыкі — гук, у паэзіі — слова. У вершы “Па-над белым пухам вішняў…” аўтар хоча зліць у адно музыку і лірыку, карціну і гук. Верш гэты, як і ўсякую высокую лірыку, нельга пераказаць сваімі словамі, не разбурыўшы яго арганізацыю. Зрокавыя вобразы тут —


Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б'ецца, ўецца, шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк —пераплятаюцца з вобразамі слыхавымі:
Ці не вецер гэта звонкі
У тонкіх зёлках шапаціць?
Або мо сухі, высокі
Ля ракі чарот шуміць?


Усё жывое славіць вясну. 3 усіх бакоў “ляцяць, дрыжаць, звіняць” зыкі вясны, ажыўленай прыроды. М. Багдановіч не адкідае тут і дзеяслоўныя рыфмы, хоць яны лічацца слабымі (спазнаць—звіняць); у чатырохрадковай страфе толькі адна рыфма, а не дзве, як звычайна. І ўвогуле рыфмы тут не галоўнае. Галоўнае тут—уменне стварыць цэласны вобраз, у якім змяшчаецца шматфарбны, шматгалосы свет, сагрэты пачуццём паэта. А музычнасць дасягаецда ўсім ладам верша, усёй яго танальнасцю. Паэт вітае жыццё, славіць яго красу і мнагастайнасць. У адпаведных вобразах ён перадае шматколернасць летняга дня, змену фарбаў пры наступленні вечара і ночы, чаргаванне святла і ценяў.
Найбольш любіць паэт вечар, ноч, калі перад чалавекам выразней выступае не толькі зямля з яе ценямі, гукамі, рознымі прадметамі, а і неба з яго таямнічымі зоркамі, бясконцым, загадкавым абсягам:


Вечар на захадзе у попеле тушыць
Кучу чырвоных кавалкаў вугля;
Ціха ўсё; вецер лістка не зварушыць,
Не скалыхнуцца ні траўкан паля...
...Іскрацца зорак сняжынкі маркотна,
Збожжа пакрылася шызан расой...
Кіньма жа думкі аб долі гаротнам,
Хоць бы на момант спачынем душой!


Ціхая, спакойная, пейзажная лірыка Багдановіча трымаецца на апавядальнай інтанацыі. І калі ў гэту лірыку ўрываецца “я” паэта, то яно асабліва не вылучаецца, зліваецца з агульным кантэкстам. Памер пяці-, шасці- і сямістопнага ямба або харэя, на якім трымаецца верш, робіць яго рэчытатыўным, яшчэ болыш падкрэсліваючым апавядальнасць.
Прырода з яе гармоніяй і красой натхняе чалавека, дае яму новыя сілы для працы і змагання, дапамагае сцішыць боль і забыць на момант жыццёвыя нягоды. `
. Пейзажныя вершы Багдановіча ў многіх выпадках пабудаваны на еднасці адчуванняў, перажыванняў лірычнага героя і праяў навакольнай прыроды або нават Сусвету:


Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог,
Улажылі спаць мяне вы на зямлі,
Не курыцца светлы пыл ўздоўж дарог,
Ў небе месяца праглянуў бледны рог,
Ў небе ціха зоркі расцвілі.
Заварожаны вячэрняй цішынёй,
Я не цямлю, дзе рука, дзе галава;
Бачу я, з прыродай зліўшыся душой,
Як дрыжаць ад ветру зоркі нада мной,
Чую ў цішы, як расце трава.


Рытміка-інтанацыйны лад верша як бы закалыхвае, заварожвае. Знойдзена дзіўнае спалучэнне слоў, іх інструментоўка дакладна адпавядае зместу, зачароўвае фарбамі, музыкай надыходзячай ночы (“Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”). У той жа час верш у вышэйшай ступені пластычны, словы прадметныя, адчувальныя.
У прыродаапісальных вершах Багдановіч — паэт.думкі, арганічна сплаўленай палымяным пачуццём. Багдановіч незвычайна востра адчувае жыццё прыроды, змену імгненняў як паток падзей. Дзеянне ў прыродаапісальных вершах развіваецца як бы паралельна з найтанчэйшымі зрухамі ў душы лірычнага героя. Паралелізм у паказе прыроды і жыцця чалавека — характэрная рыса паэзіі М. Багдановіча (“Вечар”, “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю..”, “Халоднай ноччу я ў шырокім, цёмным полі...”).. Лірычны герой і навакольны свет нібы сплаўлены ў адно непадзельнае цэлае:


Вось і ноч. Нада мной заліліся слязамі нябёсы,
Смагла цягне расу ўся сухая і пыльная глеба;
Раскрываюцца краскі начныя, як выпадуць росы;
Раскрываецца сэрца маё пад слязінкамі неба.
І не высказаць мне, як у час тон яно пацяплела,
Як даверчыва, шчыра гарачыя словы шаптала;
Але сіняе неба, пачуўшы іх, змрочна цямнела,
І сляза пакацілася ў хмарах і ў цемень упала.


Змест мастацтва — квітненне жыцця, прыроды, яе загадкі і таямніцы. Тайна мастацтва ў тым, што яно перадае прыгажосць жыцця, яго “цудоўныя імгненні”, якія толькі і здольна адчуць сэрца паэта, робіць як бы вечнымі, непераходзячымі.
Змітрок Бядуля, чыя ранняя творчасць была чымсьці блізкай да лірыкі Багдановіча, пісаў: “Вобразы прыроды ў гэтай паэзіі адзначаюцца як новыя, жывыя і прасякнутыя “меладычнасцю душы паэта”.


Кожнае дрэва з беларускай пушчы — струна.
Кожнае азярцо — чара, напоўненая хмельным віном.
Кожная лагчына — гэта чыясь рука зрабіла ўзор саматканы.


Уздохі ветру — таемныя сказы лесуноў, русалак і вадзянікоў пад месячнымі промнямі. Сялянская дзяўчына, тулячы да сваіх грудзей маленькае дзіцянё на жытняй мяжы, — гэта Мадонна, божая святасць. Уся Беларусь — “тысячы крэпка нацягнутых струн, на якіх вялікі кампазітар — паэт — творыць свае чаруючыя сімфоніі”.

Галоÿная

Hosted by uCoz